Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: прыслухоўвацца да музыкі мовы Пана, рыхтуючыся да Божага Нараджэння
Слова Папы
12.12.2013 14:01

Рыхтуючыся да святаў Божага Нараджэння, было б добра суцішыцца, каб паслухаць Бога, які прамаўляе з пяшчотай бацькі або маці, — аб гэтым казаў Папа Францішак падчас ранішняй Імшы 12 снежня.

Каментуючы фрагмент Кнігі прарока Ісаі, Святы Айцец звярнуў увагу, як Бог размаўляе з людзьмі: Ён схіляецца над чалавекам і прамаўляе пяшчотныя словы, на падабенства бацькі, які супакойвае дзіця, якому прысніўся кепскі сон: “не бойся, не бойся, я тут”. Папа адзначыў, што бацькі, размаўляючы з дзецьмі, становяцца падобнымі да іх, “становяцца маленькімі”, “прамаўляюць дзіцячым голасам і жэстамі”. “Так робіць і Пан”, - адзначыў Пантыфік і нагадаў, што грэчаскія тэолагі тлумачылі такі стыль паводзінаў Бога складаным словам “synkatabasi”, што азначае “ласкавасць Бога, які пажадаў стаць адным з нас”.

Такім чынам, па словах Святога Айца, трэба быць уважлівымі не толькі да таго, што Бог кажа, але таксама і да таго, як Ён гэта робіць. “І мы павінны рабіць тое ж, што робіць Пан, рабіць тое, што Ён кажа, і рабіць так, як кажа: з любоўю, пяшчотай, ласкавасцю да братоў”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа нагадаў, што Бог аб’явіўся прароку Іллі ў “ціхім ветрыку”. “Так набліжаецца Пан, з гэтым гучаннем цішыні, уласцівым любові. Не робячы шоў”, - сказаў Пантыфік і заклікаў прыслухоўвацца да “музыкі мовы Пана”, рыхтуючыся да святаў Божага Нараджэння.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.