Разважанню над сэнсам Божага Нараджэння прысвяціў катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 18 снежня Папа Францішак. Па словах Святога Айца, вельмі дарэчы ў апошнія дні Адвэнту задумацца над глыбінёй падзеі, якая перавярнула гісторыю чалавецтва.
Пантыфік назваў Божае Нараджэнне “святам веры і надзеі, якія перавышаюць нявызначанасць і песімізм”, і прычына гэтай надзеі – у разуменні, што “з намі Бог” і што Ён давярае нам сябе.
“Бог прыходзіць, каб жыць з людзьмі, выбіраючы зямлю сваім домам, каб быць разам з чалавекам і апынуцца там, дзе чалавек праводзіць свае дні ў радасці і ў болю. Такім чынам, зямля ўжо не проста “даліна слёз”, але месца, дзе сам Бог паставіў свой намёт, месца сустрэчы паміж Богам і чалавекам, месца Божай салідарнасці з людзьмі”, - сказаў Пантыфік. Але, паводле Святога Айца, “ёсць нешта яшчэ больш здзіўляючае”: “Прысутнасць Бога сярод чалавецтва не была рэалізавана ў ідэальным свеце, ідылічным, але ў гэтым рэальным свеце, адзначаным падзеламі, злом, беднасцю, прыгнётам і войнамі. Ён абраў жыццё ў нашай гісторыі, такой, якой яна ёсць, з усім цяжарам яе абмежаванняў і драмы. Пры гэтым дэманструючы непераўзыдзеным чынам сваю міласэрную прыхільнасць і поўню любові да людзей. Ён ёсць Бог-з-намі”.
Па словах Папы, з Нараджэння Езуса зыходзіць “духоўная энергія”, якая дапамагае не патануць у праблемах, роспачы, смутку, “таму што гэта энергія, якая грэе і змяняе сэрца”. Божае Нараджэнне, дадаў Святы Айцец, прыносіць чалавеку цудоўную навіну, што мы любімыя Богам “непераўзыдзена і індывідуальна”.
З радаснага сузірання таямніцы Сына Божага, народжанага для нас, паводле Пантыфіка, можна зрабіць дзве высновы: па-першае, у Нараджэнні Бог раскрывае сябе не як таго, хто пануе над Сусветам, але як таго, хто зніжаецца, сыходзіць на зямлю маленькім і бедным, і гэта азначае, што, каб быць падобнымі на Яго, не трэба ставіць сябе над іншымі, але служыць ім і не пакідаць іх у адзіноце; па-другое, калі Бог праз Езуса становіцца адным з нас, гэта азначае, што ўсё, што мы робім для брата і сястры, робім для Яго. Хто адпрэчвае, забываецца, ігнаруе аднаго з самых маленькіх і самых бедных, будзе аддалены і адкінуты самім Богам, падкрэсліў Папа.
Святы Айцец заклікаў даверыцца мацярынскаму заступніцтву Маці Божай, каб Яна дапамагла кожнаму падчас “гэтага святога Божага Нараджэння” прызнаць у бліжнім, асабліва ў асобах найбольш уразлівых і маргіналізаваных, вобраз Сына Божага, які стаў чалавекам. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|