Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: гатоўнасць св. Юзафа на Божую волю кідае нам выклік і паказвае шлях
Слова Папы
22.12.2013 16:18

Постаці св. Юзафа, апекуна Езуса, прысвяціў Папа Францішак свае разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 22 снежня. Па словах Пантыфіка, сілай гэтага святога чалавека было яго радыкальнае імкненне да выканання Божай волі, ён цалкам адмовіўся ад сябе, сваіх спраў і планаў, і прысвяціў жыццё рэалізацыі задум Бога.

Папа назваў св. Юзафа чалавекам “вялікай душы”, уважлівым да таго, што кажа Бог. Менавіта на гэтым, паводле Святога Айца, палягае сапраўдная свабода – адмовіцца ад таго, што маё, і рэалізаваць Божую волю. Апякун Езуса, заўважыў Пантыфік, з’яўляецца для кожнага прыкладам смеласці пакласці надзею выключна на Божым слове і даверыцца яму да канца.

“Юзаф і Марыя пражывалі ў Назарэце; не жылі яшчэ разам, таму што сужэнства пакуль не было заключана. У той жа час, Марыя, пасля аб’яўлення Анёла, зачала ад Духа Святога. Калі Юзаф разумее гэты факт, ён прабывае ў здзіўленні. Евангелле не тлумачыць, якімі былі яго думкі, але кажа нам тое, што мае важнае значэнне: ён спрабуе выканаць Божую волю і гатовы да радыкальнай адмовы. Замест таго, каб абараніць сябе і адстаяць свае правы, Юзаф выбірае рашэнне, якое ўяўляе сабой вялізную ахвяру з яго боку: “Будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе” (1,19).

Гэта кароткая фраза гаворыць аб сапраўднай унутранай драме, калі мы падумаем пра каханне, якое Юзаф адчуваў да Марыі! Але нават у такіх абставінах Юзаф мае намер выконваць волю Бога і прымае рашэнне, без сумневу з вялікім болем, патаемна адпусціць Марыю. Мы павінны разважаць над гэтымі словамі, каб зразумець, якому выпрабаванню быў паддадзены Юзаф у дні, якія папярэднічалі нараджэнню Езуса. Гэтае выпрабаванне падобнае да ахвяры Абрагама, калі Бог запатрабаваў яго сына Ісака (пар. Быц 22) – адмовіцца ад самага дарагога, самай любімай асобы. Але як і ў выпадку з Абрагамам, Пан умяшаўся, Ён знайшоў веру, якая шукае і адкрывае іншы шлях, шлях любові і шчасця: “Юзэфе, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога” (Мц 1,20) .

Гэтае Евангелле паказвае нам веліч душы св. Юзафа. Ён меў добры план жыцця, але Бог адвёў для яго іншы варыянт, большую місію. Юзаф быў чалавекам, які заўсёды слухаў голас Бога, быў глыбока адчувальным да Яго таямнічай волі, уважлівым да паведамленняў, якія глыбока пранікалі ў яго сэрца і істоту. Ён не трымаўся ўпарта свайго плану жыцця, не дазваляў крыўдзе атручваць душу, але быў гатовы даць сябе таму новаму, якое было перададзены такім незвычайным чынам. Ён быў добрым чалавекам. Не ненавідзеў і не дазваляў крыўдзе атручваць душу. Але як часта мы маем нянавісць, антыпатыю, крыўду, якія атручваюць нашу душу! І гэта балюча. Ніколі не трэба дазваляць гэтага, і ён з’яўляецца прыкладам для нас. Дзякуючы гэтаму Юзаф стаў яшчэ больш вольным і вялікім. Прымаючы план Пана, Юзаф цалкам знайшоў сябе. Гэта яго свабода адмовіцца ад таго, што сваё, ад валодання сваім уласным існаваннем, яго поўная ўнутраная гатоўнасць на Божую волю, кідаюць нам выклік і паказваюць нам шлях.

Будзем жа святкаваць Божае Нараджэнне, сузіраючы Марыю і Юзафа – Марыю, жанчыну, поўную ласкі, якая мела смеласць цалкам разлічваць на Божае слова, Юзафа, вернага і праведнага, які аддаў перавагу веры ў Пана, замест слухання голасу сумневу і чалавечай ганарыстасці. З імі давайце ісці разам у бок Бэтлеема”, - сказаў Папа.

Пантыфік прывітаў усіх сабраных на плошчы св. Пятра і пажадаў Божага Нараджэння “надзеі, справядлівасці і братэрства”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.