Успамін пра першага мучаніка рассейвае фальшывы вобраз святаў Божага Нараджэння: вобраз казачны і салодкі, якога няма ў Евангеллі; літургія вяртае нас да сапраўднага сэнсу Уцелаўлення, звязваючы Бэтлеем з Кальварыяй і нагадваючы нам, што збаўленне, якое дорыць Бог, прадугледжвае барацьбу з грахом, - з такімі словамі Папа Францішак звярнуўся да вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра 26 снежня, у свята св. Стэфана, першамучаніка, на малітве “Анёл Панскі”.
“Літургія працягвае ўрачыстасць Нараджэння Пана на восем дзён: гэта час радасці для ўсяго Народа Божага – сказаў Папа. – І ў гэты другі дзень актавы, у атмасферы радасці Божага Нараджэння, адзначаецца свята св. Стэфана, першага мучаніка Касцёла. Кніга Дзеяў Апосталаў прадстаўляе яго нам як “чалавека поўнага веры і Святога Духа” (6,5), выбранага разам з іншымі шасцю дыяканамі для служэння ўдовам і бедным першай ерузалемскай супольнасці. І апавядае нам пра яго мучаніцтва: пра тое, як сваёй палымянай прамовай ён выклікаў гнеў членаў Сінедрыёна, як яго вывелі за гарадскія муры і забілі камянямі. Стэфан памёр, як Езус, просячы Бога аб прабачэнні для сваіх забойцаў.
У радаснай атмасферы святаў Божага Нараджэння ўспамін аб гэтым мог бы падацца недарэчным. Сапраўды, Нараджэнне Пана – гэта свята жыцця, і яно напаўняе нас пачуццямі спакою і міру; здавалася б, для чаго парушаць іх зачараванне ўспамінам пра такое жорсткае насілле? Але – з пункту гледжання веры, – свята св. Стэфана знаходзіцца ў поўнай згодзе з глыбокім значэннем святаў Божага Нараджэння. У яго мучаніцтве любоў перамагла насілле, жыццё перамагло смерць. Касцёл бачыць у ахвяры мучанікаў іх “нараджэнне на Небе”. Такім чынам, мы святкуем сёння “нараджэнне” Стэфана, якое па сваёй сутнасці выцякае з Нараджэння Хрыста. Езус ператварае смерць тых, хто Яго любіць, у світанак новага жыцця!
У мучаніцтве Стэфана ўзнаўляюцца тыя самыя адносіны паміж дабром і злом, паміж нянавісцю і прабачэннем, паміж лагоднасцю і насіллем, якія дасягнулі сваёй кульмінацыі ў Крыжы Хрыста. Такім чынам, памяць пра першага мучаніка адразу рассейвае фальшывы вобраз святаў Божага Нараджэння: нейкі казачны і салодкі вобраз, якога няма ў Евангеллі! Літургія вяртае нас да сапраўднага сэнсу Уцелаўлення, звязваючы Бэтлеем з Кальварыяй і нагадваючы, што збаўленне, якое дорыць Бог, прадугледжвае барацьбу з грахом, што яно праходзіць праз вузкую браму Крыжа. Менавіта гэты шлях Езус указаў сваім вучням, як сведчыць сённяшняе Евангелле: “І ўсе будуць ненавідзіць вас за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены” (Мц 10,22)
Таму сёння мы асаблівым чынам молімся за хрысціян, якія церпяць дыскрымінацыю з прычыны свайго сведчання аб Езусе і Евангеллі. Мы духоўна блізкія гэтым нашым братам і сёстрам, якія, як св. Стэфан, несправядліва асуджаюцца і становяцца аб’ектамі ўсялякага кшталту насілля. Гэта адбываецца перш за ўсё там, дзе яшчэ не гарантавана свабода веравызнання або здзяйсняецца не цалкам. Але гэта таксама адбываецца ў краінах і асяроддзях, якія на словах заяўляюць, што абараняюць свабоду і правы чалавека, але ў рэальнасці веруючыя, асабліва хрысціяне, сутыкаюцца з абмежаваннямі і дыскрымінацыяй. Для хрысціяніна гэта не дзіўна, таму што Езус прадказаў гэта, як спрыяльную магчымасць для сведчання. Тым не менш, на грамадзянскім узроўні несправядлівасць трэба выкрываць і выкараняць.
Марыя, Каралева Мучанікаў, няхай дапаможа нам перажыць святы Божага Нараджэння з тым запалам веры і любові, які ззяе ў св. Стэфане і ва ўсіх мучаніках Касцёла”. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|