Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: Езус пажадаў належаць да сям’і, якая перажывала цяжкасці, каб ніхто не адчуваў сябе пазбаўленым любячай прысутнасці Бога
Слова Папы
29.12.2013 17:08

“Сёння наш позірк, скіраваны на Святую Сям’ю, прыцягваецца таксама жыццёвай прастатой, з якой яна жыла ў Назарэце. Гэты прыклад вельмі карысны для нашых сем’яў, ён дапамагае ім усё больш станавіцца супольнасцямі любові і прымірэння, у якіх адчуваецца пяшчота, узаемная дапамога, прабачэнне”, - адзначыў Папа перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 29 снежня, у свята Святой Сям’і.

“Сапраўды, кожныя яслі паказваюць нам Езуса разам з Маці Божай і Юзафам, у бэтлеемскай пячоры, - сказаў Папа. - Бог пажадаў нарадзіцца ў чалавечай сям’і, пажадаў мець маці і бацьку. Як мы!

Сёння Евангелле прадстаўляе Святую Сям’ю на балючым шляху выгнання, у пошуку ратавання ў Егіпце. Юзаф, Марыя і Езус перажываюць драматычны стан бежанцаў, пазначаны страхам, няўпэўненасцю, цяжкасцямі. На жаль, у нашы дні мільёны сем’яў могуць распазнасць сябе ў гэтай сумнай рэальнасці. Амаль штодзённа тэлебачанне і газеты перадаюць навіны пра бежанцаў, якія ўцякаюць ад голаду, вайны, іншых цяжкіх пагрозаў, у пошуку бяспекі і годнага жыцця для сябе і ўласных сем’яў.

У далёкіх землях, нават калі знаходзяць працу, не заўсёды бежанцы і эмігранты сустракаюць сапраўдную гасціннасць, павагу, прызнанне каштоўнасцяў, носьбітамі якіх з’яўляюцца. Іх законныя чаканні сустракаюцца са складанымі сітуацыямі і цяжкасцямі, перамагчы якія часам здаецца немагчыма.

Таму, калі ўглядаемся ў Святую Сям’ю з Назарэта ў момант, калі яна вымушана ўцякаць, падумаем пра драму тых мігрантаў і бежанцаў, якія з’яўляюцца ахвярамі адхіленняў і злоўжыванняў, гандлю людзьмі і рабскай працы. Але падумаем таксама пра іншых “выгнанцаў”, я б іх назваў “схаваных выгнанцаў”, тых “выгнанцаў”, якія могуць быць у нашых сем’ях: напрыклад, пра пажылых, якія часам трактуюцца як нязручная прысутнасць. Часта я думаю, што знак таго, якой з’яўляецца сям’я, – гэта тое, як у ёй адносяцца да дзяцей і пажылых.

Езус пажадаў належаць да сям’і, якая перажывала цяжкасці, каб ніхто не адчуваў сябе пазбаўленым любячай прысутнасці Бога. Уцёкі з Егіпта з прычыны пагрозы Ірада паказваюць нам, што Бог там, дзе чалавек у небяспецы, дзе чалавек пакутуе, уцякае, дзе сустракае адмаўленне і пакінутасць; але таксама там дзе чалавек марыць, спадзяецца вярнуцца на радзіму ў свабодзе, плануе і выбірае на карысць жыцця і годнасці сваёй і сваіх бліжніх.

Сёння наш позірк, скіраваны на Святую Сям’ю, прыцягваецца таксама жыццёвай прастатой, з якой яна жыла ў Назарэце. Гэты прыклад вельмі карысны для нашых сем’яў, ён дапамагае ім усё больш станавіцца супольнасцямі любові і прымірэння, у якіх адчуваецца пяшчота, узаемная дапамога, прабачэнне.

Будзем памятаць пра тры ключавыя словы, якія дапамагаюць жыць у спакоі і радасці ў сям’і: дазволь, дзякуй, прабач. Калі ў нейкай сям’і няма навязлівых, кажуць “дазволь”. Калі ў нейкай сям’і няма эгаістаў, вучацца казаць “дзякуй, дзякуй”. Калі ў сям’і нехта разумее, што зрабіў кепскі ўчынак, і здольны прасіць прабачэння, у такой сям’і ёсць спакой і радасць.

Але я б хацеў заахвоціць сем’і да ўсведамлення важнасці, якую яны маюць у Касцёле і грамадстве. Абвяшчэнне Евангелля, сапраўды, праходзіць праз сем’і, каб затым дасягнуць розных сфер штодзённага жыцця”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.