Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: Панна Марыя апярэдзіла нас на шляху веры і асабліва блізкая нам
Слова Папы
01.01.2014 14:13

1 студзеня, ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі і Сусветны дзень міру, Папа Францішак даверыў Маці Божай жаданні вернікаў і патрэбы ўсяго свету. Сваю першую Эўхарыстыю ў новым годзе Святы Айцец пачаў словамі старажытнай малітвы благаслаўлення, якой Бог навучыў Майсея: “Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам”.

“Гэта словы сілы, адвагі, надзеі. Не ілюзорнай надзеі, заснаванай на крохкіх чалавечых абяцаннях; і таксама не наіўнай надзеі, якая ўяўляе будучыню лепшай толькі таму, што яна будучыня. Гэтая надзея грунтуецца менавіта на благаслаўленні Божым, благаслаўленні, якое ўтрымлівае самае вялікае пажаданне, пажаданне Касцёла для кожнага з нас, цалкам напоўненае любячай абаронай Пана, Яго прадбачлівай дапамогай”, - сказаў Папа вернікам, сабраным у базыліцы св. Пятра.

Паводле Святога Айца, гэтае пажаданне цалкам споўнілася ў адной жанчыне – “Марыі, якой было наканавана стаць Багародзіцай”.

“Гэта самы галоўны і важны тытул Маці Божай. Гаворка ідзе пра цноту, ролю, якую хрысціянскі народ, у сваёй пяшчотнай і шчырай пабожнасці, усведамляў заўсёды”, - сказаў Папа і дадаў, што Панна Марыя апярэдзіла нас на шляху веры і таму з’яўляецца асабліва блізкай да людзей: “Маці Божая падзяліла наш стан, павінна была крочыць тымі самымі дарогамі, якімі ідзем мы, часам складанымі і цёмнымі, павінна была апярэдзіць нас у “пілігрымцы веры””.

Па словах Пантыфіка, Маці Божая – “крыніца надзеі і сапраўднай радасці”, “прыклад пакоры і адкрытасці на волю Божую”, якая “на Кальварыі трымала запаленым полымя веры ва ўваскрасенне Сына і перадала яго з матчынай любоўю іншым”. Папа заклікаў даверыць Багародзіцы шлях веры людзей, жаданні сэрца, патрэбы ўласныя і ўсяго свету, у першую чаргу “голад і прагу па справядлівасці і міру”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.