Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: Бог захацеў аб'яднацца з кожным, каб перадаць нам сваё жыццё і радасць
Слова Папы
05.01.2014 17:27

"Слова Божае разбівае свой намёт сярод нас, грэшнікаў і тых, якія маюць патрэбу ў міласэрнасці. Мы ўсе павінны спяшацца, каб атрымаць ласку, якую Ён нам ахвяроўвае", - сказаў Папа Францішак у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 5 студзеня. Пантыфік таксама паведаміў аб сваім апостальскім падарожжы на Святую Зямлю, якое пройдзе 24-26 мая.

“Літургія сённяшняй нядзелі прапануе нам (…) больш глыбокае значэнне Нараджэння Езуса. Ён з’яўляецца Словам Бога, якое сталася чалавекам і ўсталявала свой “намёт”, свой дом сярод людзей. Евангеліст напісаў: “Слова сталася целам і пасялілася паміж намі” (Ян 1, 14). У гэтых словах, якія ніколі не перастаюць захапляць нас, змяшчаецца ўвесь сэнс хрысціянства! Бог стаў смяротным, далікатным, як і мы, падзяліў наш чалавечы стан, акрамя граху, і ўвайшоў у нашу гісторыю і стаў поўнасцю Бог-з-намі! Такім чынам нараджэнне Езуса паказвае нам, што Бог захацеў аб'яднацца з кожным мужчынай і жанчынай, з кожным з нас, каб перадаць нам сваё жыццё і сваю радасць.

Такім чынам Божае Нараджэнне аб'яўляе нам вялікую любоў Бога да чалавецтва. З гэтага вынікае таксама наш энтузіязм, наша надзея як хрысціян (..). І мы глядзім на свет, на гісторыю як на месца, у якім трэба крочыць разам з Ім і паміж сабой да новых нябёсаў і новай зямлі. З нараджэннем Езуса не толькі нарадзіўся новы свет, але таксама свет, які заўсёды можа быць абноўлены. Бог заўсёды гатовы абуджаць новых людзей, ачышчаць свет ад граху, які толькі спрыяе яго старэнню і сапсуццю. Паколькі гісторыя чалавецтва і кожнага з нас можа быць пазначана цяжкасцямі і слабасцямі, то вера ва Уцелаўленне кажа нам, што Бог салідарны з чалавекам і яго гісторыяй. Гэтая блізкасць Бога да чалавека, да кожнага чалавека, з'яўляецца дарам, які ніколі не заканчваецца! Вось радаснае абвяшчэнне Божага Нараджэння: боскае святло, якое напоўніла сэрца Панны Марыі і святога Юзафа і накіроўвала шлях пастухоў і магаў, свеціць сёння таксама і для нас.

У таямніцы Уцелаўлення Божага Сына ёсць таксама аспект чалавечай свабоды, свабоды кожнага з нас. Бо Слова Божае разбівае свой намёт сярод нас, грэшнікаў і тых, якія маюць патрэбу ў міласэрнасці. Мы ўсе павінны спяшацца, каб атрымаць ласку, якую Ён нам ахвяроўвае. Як чытаем далей у Евангеллі паводле Яна, “свае Яго не прынялі” (Ян 1, 11) Таксама і мы шмат разоў не прымаем Яго і жадаем заставацца ў закрыцці нашых памылак і ў пакуце нашых грахоў. Але Езус не здаецца і ніколі не перастае ахвяроўваць сябе самога і сваю ласку, якая нас збаўляе! Гэта з'яўляецца пасланнем збаўлення, якое старое, але заўсёды новае. І мы пакліканы з радасцю сведчыць пра гэтае пасланне Евангелля жыцця і святла, надзеі і любові”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.