Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Езус Хрыстус - аб’яўленне любові Божай
Слова Папы
06.01.2014 18:33

На існаванне падвоенага руху - спрадвечнага імкнення Бога да людзей і людзей да Бога – звярнуў увагу Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана.

“Cёння мы адзначаем урачыстасць Аб’яўлення Пана. Гэтае свята звязана з біблійным апавяданнем пра прыход мудрацоў з Усходу у Бэтлеем для ўшанавання Караля Юдэяў: эпізод, які Бэнэдыкт XVI выдатна пракаментаваў у сваёй кнізе пра дзяцінства Езуса. Гэта было менавіта першае “аб’яўленне” Хрыста людзям. Таму ўрачыстасць Аб’яўлення Пана дэманструе паўсюдную даступнасць збаўлення, прынесенага Езусам. Сённяшняя літургія абвяшчае: “Табе паклоняцца, Пане, усе народы зямлі”, таму што Езус прыйшоў для ўсіх нас, для ўсіх народаў, для ўсіх!

У рэальнасці гэтае свята паказвае нам падвоены рух: з аднаго боку – рух Бога да свету, да чалавецтва, усю гісторыю збаўлення, кульмінацыя якога наступае ў Езусе; а з іншага боку – рух людзей да Бога: падумаем пра рэлігіі, пошук праўды, шлях народаў да спакою, унутранага спакою, справядлівасці, свабоды. І гэты падвоены рух натхняецца ўзаемным захапленнем. З боку Бога – што Яго прыцягвае? Гэта любоў да нас: мы Яго дзеці, Ён нас любіць, хоча вызваліць ад зла, хваробаў, смерці, прывесці ў свой дом, сваё Валадарства. “Бог, праз чыстую ласку, прываблівае нас, каб паяднасць з Сабой” (Апостальская адгартацыя “Evangelii Gaudium”).

І таксама з нашага боку ёсць любоў, жаданне: нас заўсёды прыцягвае дабро, нас прыцягвае праўда, жыццё, шчасце, нас прыцягвае прыгажосць... Езус - гэта кропка сустрэчы гэтага ўзаемнага захаплення і гэтага падвоенага руху. Ёсць Бог і чалавек. Бог і чалавек. Але хто бярэ ініцыятыву! Заўсёды Бог! Божая любой заўсёды ідзе перш за нашу! Ён заўсёды бярэ ініцыятыву! Ён нас чакае, запрашае, ініцыятыва заўсёды Ягоная. Езус – гэта Бог, які стаў чалавекам, уцелавіўся, нарадзіўся для нас. Новая зорка, якая з’явілася мудрацам, была знакам нараджэння Хрыста. Калі б не ўбачылі зоркі, гэтыя людзі б не вырушылі. Нас апярэджвае святло, нас апярэджвае праўда, нас апярэджвае прыгажосць. Нас апярэджвае Бог. Прарок Ісая казаў, што Бог як мігдалавая кветка. Чаму? Таму што на зямлі мігдал першым квітнее. Бог заўсёды апярэджвае, заўсёды першы шукае, Ён робіць першы крок. Бог апярэджвае заўсёды. Яго ласка нас апярэджвае, і гэтая ласка аб’явілася ў Езусе. Ён з’яўляецца аб’яўленнем. Ён, Езус Хрыстус, з’яўляецца аб’яўленнем любові Божай. Ён з намі.

Касцёл цалкам знаходзіцца ўнутры гэтага руху Бога да свету: яго радасць – гэта Евангелле, разважанне над святлом Хрыста. Касцёл – гэта народ тых, хто адчувае гэтае захапленне і носіць унутры, у сэрцы і жыцці. (…)

Папросім Бога для ўсяго Касцёла, папросім евангелізацыйнай радасці, таму што ён “пасланы Хрыстом абвяшчаць Божую любоў i прышчапляць яе ўсім людзям i народам” (“Аd gentes”, 10). Панна Марыя няхай дапаможа нам усім быць вучнямі-місіянерамі, маленькімі зоркамі, якія адлюстроўваюць Яго святло. Памолімся, каб сэрцы адкрываліся на прыняцце абвяшчэння і ўсе людзі сталі “саўдзельнікамі абяцання праз Евангелле””, - сказаў Пантыфік.

Пасля малітвы Святы Айцец нагадаў, што Папская ініцыятыва “Святое дзяцінства” абвясціла ўрачыстасць Аб’яўлення Пана Місійным днём дзяцей. У сувязі з гэтым Пантыфік заклікаў дзяцей і моладзь малітвай і дзейнасцю супрацоўнічаць з Касцёлам і аказваць дапамогу сваім аднагодкам.

Таксама Папа павіншаваў з надыходзячай урачыстасцю Божага Нараджэння вернікаў Усходніх Цэркваў, якія святкуюць яе паводле юліянскага календара 7 студзеня. “Няхай спакой, які Бог падарыў чалавецтву праз нараджэнне Езуса, уцелаўлёнага Слова, умацуе ва ўсіх веру, надзею і любоў, а таксама прынясе суцяшэнне хрысціянскім супольнасцям, якія перажываюць выпрабаванні”, - пажадаў Пантыфік.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.