Штодзённа жыць сакрамэнтам хросту, які з’яўляецца не фармальнасцю, а сапраўдным пагружэннем у смерць і ўваскрасенне Хрыста, заклікаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 8 студзеня. Пантыфік паведаміў, што пачынае новы цыкл катэхез, прысвечаных сямі сакрамэнтам.
У першай з іх Папа распавёў пра сакрамэнт хросту, які разам з Эўхарыстыяй і канфірмацыяй утварае так званую “хрысціянскую ініцыяцыю” – чыніць з вернікаў жывыя знакі прысутнасці Бога і Яго любові. Пантыфік нагадаў, што ў нядзелю Касцёл будзе адзначаць свята Хросту Пана. Хрост, паводле Святога Айца, - сакрамэнт, на якім грунтуецца вера і які прышчэплівае вернікаў як жывых членаў да Хрыста і Яго Касцёла.
Але, працягваў Святы Айцец, могуць узнікнуць пытанні: ці сапраўды хрост неабходны для таго, каб жыць па-хрысціянску і ісці за Езусам? Ці не з’яўляецца ён простым абрадам, фармальным касцёльным актам? На гэта Папа адказаў словамі св. Паўла: “Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, мы пахаваныя разам з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці” (Рым 6,3-4).
“Такім чынам, гэта не фармальнасць! Гэта акт, які тычыцца глыбіні нашага існавання. Ахрышчанае і неахрышчанае дзіця – гэта не тое самае. Ахрышчаная і неахрышчаная асоба – не тая самая. Мы праз хрост пагружаемся ў гэтую невычэрпную крыніцу жыцця і смерці Езуса, самы вялікі акт любові ва ўсёй гісторыі, і дзякуючы гэтай любові можам жыць абноўленым жыццём, больш прабываць не ў зле, граху і смерці, а ў адзінстве з Богам і братамі”, - сказаў Папа.
Пантыфік заклікаў жыць хростам штодзённа, як актуальнай жыццёвай рэальнасцю, нягледзячы на тое, што для многіх ён адбыўся ў далёкім дзяцінстве і ў памяці амаль не захавалася ўспамінаў пра гэтую сакраментальную падзею. Таксама Папа даў вернікам “хатняе заданне”: даведацца пра дату ўласнага хросту і заўсёды памятаць пра яе, таму што гэта свята не меншае за дзень нараджэння.
“Калі мы здольныя ісці за Езусам і заставацца ў Касцёле, нават з нашымі абмежаванасцямі і слабасцямі, то гэта менавіта дзякуючы сакрамэнту, праз які сталі новым стварэннем і пераапрануліся ў Хрыста. Гэта сілай хросту мы былі пазбаўлены першароднага граху, прышчэплены праз Езуса да Бога Айца, з’яўляемся носьбітамі новай надзеі (...), з’яўляемся здольнымі прабачаць і любіць нават тых, хто на нас нападае і чыніць нам зло, з’яўляемся здольнымі распазнаваць у апошніх і бедных аблічча Пана, які нас наведвае і становіцца блізкім”, - нагадаў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што ніхто не можа ахрысціцца сам: заўсёды неабходны нехта, хто ўдзеліць сакрамэнт у імя Пана. “Хрост – гэта дар, які перадаецца ў кантэксце клопату і братэрскага дзялення. Заўсёды ў гісторыі нехта хрысціць іншага, (...) гэта ланцуг. Я не магу ахрысціцца сам, павінен папрасіць хросту ў іншага. Гэта акт братэрства, акт далучэння да Касцёла. У яго цэлебрацыі мы можам распазнаць самыя сапраўдныя ўказанні Касцёла, які нібы Маці працягвае нараджаць новых дзяцей у Хрысце, у плённасці Святога Духа”, - адзначыў Пантыфік.
Папа заклікаў прасіць Бога аб магчымасці штодзённа і глыбока адчуваць ласку, якую атрымалі падчас хросту, бо менавіта яна дазволіць іншым сустракаць у хрысціянах сапраўдных дзяцей Божых, сапраўдных братоў і сясцёр у Хрысце, сапраўдных членаў Касцёла. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|