Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: не існуе іншага спосабу перамагчы зло, як толькі праз любоў
Слова Папы
19.01.2014 23:47

“Не існуе іншага спосабу перамагчы зло і грэх, як толькі праз любоў, якая падштурхоўвае аддаваць сваё жыццё за іншых”, - адзначыў Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” 19 студзеня. Святы Айцец засяродзіўся над значэннем слова “ягнё”, якое ў Новым Запавеце адносіцца да Езуса Хрыста.

“З урачыстасцю Аб’яўлення Пана, якую святкавалі ў мінулую нядзелю, мы ўвайшлі ў літургічны перыяд, які называецца “звычайным”. У гэтую другую нядзелю Евангелле прадстаўляе нам сцэну сустрэчы Езуса з Янам Хрысціцелем каля ракі Ярдан. Пра яе апавядае відавочца, Ян Евангеліст, які перш чым стаць вучнем Езуса быў вучнем Хрысціцеля, разам з братам Якубам, з Сымонам і Андрэем – усе з Галілеі, усе рыбакі. Хрысціцель убачыў Езуса, які праходзіў скрозь натоўп, і, натхнёны з вышыні, прызнаў у Ім пасланніка Божага, і таму ўказаў гэтымі словамі: “Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету” (Ян 1, 29).

Слова, якое было перакладзена як “бярэ”, бярэ грэх, азначае “ўздымае”, “бярэ на сябе”. Езус прыйшоў у свет з дакладнай місіяй: вызваліць з рабства граху, беручы правіны чалавецтва. Якім чынам? Праз любоў. Не існуе іншага спосабу перамагчы зло і грэх, як толькі праз любоў, якая падштурхоўвае аддаваць сваё жыццё за іншых. У сведчанні Яна Хрысціцеля Езус мае рысы Слугі Пана, які “напоўніўся нашымі пакутамі, носіць наш смутак” (Іс 53, 4), аж да смерці крыжовай. Ён сапраўднае пасхальнае ягнё, якое пагружаецца ў раку нашага граху, каб нас ачысціць.

Хрысціцель убачыў перад сабой чалавека, які стаў у чаргу з грэшнікамі, каб хрысціцца, нават не маючы ў гэтым патрэбы, чалавека, якога Бог паслаў у свет, як ягнё, прызначанае на закланне. У Новым Запавеце слова “ягнё” шмат разоў узгадваецца, і заўсёды ў адносінах да Езуса. Гэты вобраз ягняці можа здзівіць; бо гэта жывёла, якая не характарызуецца сілай і вынослівасцю, але бярэ на ўласныя плечы такі вялікі цяжар. Велізарная маса зла была знішчана і выкінута слабым і ўразлівым стварэннем, сімвалам пакоры, паслухмянасці і безабароннай любові, якая сягае аж да ахвяры з самога сябе. Ягнё – не пануючае, але паслухмянае; не агрэсіўнае, а мірнае; не дэманструе кіпцюры і клыкі перад абліччам нападаў, але пераносіць іх і з’яўляецца пакорным. І такі Езус! Такі Езус – як ягнё.

Што значыць для Касцёла, для нас сёння быць вучнямі Езуса, Ягнятка Божага? Гэта значыць паставіць на месца злобы нявіннасць, на месца сілы – любоў, на месца пыхі – пакору, на месца прэстыжу – служэнне. Гэта вялікая праца! Мы, хрысціяне, павінны рабіць гэта: ставіць на месца злобы нявіннасць, на месца сілы – любоў, на месца пыхі – пакору, на месца прэстыжу – служэнне. Быць вучнямі Ягняці азначае жыць не як “абкладзеная цытадэль”, але як горад, пабудаваны на скале, адкрыты, гасцінны, салідарны”, - сказаў Святы Айцец

Пантыфік заклікаў вернікаў “не закрывацца ў сабе, але несці Евангелле ўсім, даючы жыццёвае сведчанне аб тым, што наследаванне Езуса робіць больш свабоднымі і радаснымі”.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа нагадаў, што 19 студзеня адзначаецца Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў. Звяртаючыся да людзей, вымушаных пакінуць свае краіны, Пантыфік заклікаў “не губляць надзею на лепшы свет”. “Жадаю вам жыць у спакоі ў краінах, якія вас прымаюць, захоўваючы каштоўнасці, характэрныя для культур вашага паходжання”, - сказаў Святы Айцец, а таксама заахвоціў памятаць пра шматлікіх мігрантаў і бежанцаў, пра іх пакуты, жыццё, якое часта суправаджае адсутнасць працы і дакументаў, і маліцца за іх.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.