Хрысціянская свабода і пакора – у паслухмянасці Божаму слову, адзначыў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 20 студзеня. Пантыфік заклікаў не баяцца прымаць “навізну” Евангелля і “Божыя сюрпрызы”.
Паводле Святога Айца, Божае слова з’яўляецца жывым і таму кажа тое, што хоча казаць: не тое, што людзі чакаюць ці спадзяюцца пачуць. Як адзначыў Папа, Божае слова “свабоднае”, яно часта здзіўляе, бо “наш Бог – гэта Бог нечаканасцяў”.
Пантыфік нагадаў, што Евангелле і Аб’яўленне Божае заўсёды новае, і Езус пра гэта вельмі ясна сказаў, патрабуючы трымаць новае віно ў новых мяхах, таму неабходна заўсёды быць адкрытымі на гэтую навізну, быць паслухмянымі Божаму слову і чыніць тое, што яно кажа. “Мы павінны заўсёды спрабаваць адаптавацца, прыладзіцца да гэтай навізны Божага слова, павінны быць адкрытымі на навізну”, - сказаў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што адкрытасць на навізну Божага слова – гэта праява хрысціянскай свабоды. “Хрысціянская свабода і пакора – у паслухмянасці Божаму слову, у адвазе стаць новымі мяхамі для новага віна, якое паступае пастаянна”, - сказаў Папа і дадаў, што ад хрысціян таксама патрабуецца праніклівасць: заўсёды распазнаваць, што Святы Дух робіць у сэрцы і куды вядзе. “Распазнаваць і падпарадкоўвацца”, - заклікаў Пантыфік. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|