Значэнню Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які праходзіць з 18 па 25 студзеня, прысвяціў Папа Францішак катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 22 студзеня. Пантыфік падкрэсліў, што падзелы паміж хрысціянамі з’яўляюцца “скандалам”, і перамагаць гэта трэба шляхам малітвы, пакоры, разважання і пастаяннага навяртання.
Гаворачы пра Тыдзень малітваў, Святы Айцец адзначыў, што гэтая духоўная ініцыятыва – “як ніколі каштоўная – уключае ў сябе хрысціянскія супольнасці ўжо на працягу больш чым стагоддзя”: “гаворка ідзе пра час, прысвечаны малітве за адзінства ахрышчаных, згодна з воляй Хрыста: “каб усе былі адно””. Сёлета разважанні да Тыдня малітваў грунтуюцца на пытанні, скіраваным св. Паўлам да хрысціян Карынту: “Ці Хрыстус падзелены?”
“Канешне, Хрыстус не падзелены. Але мы павінны шчыра і з болем прызнаць, што нашы супольнасці працягваюць жыць падзеламі, якія з’яўляюцца скандалам. Падзелы паміж намі, хрысціянамі, – скандал. Няма іншага слова – скандал! “Кожны з вас кажа, – пісаў апостал, – “Я – Паўла”, “Я – Апалоса”, “Я – Кефаса”, “А я – Хрыста”. Таксама і тых, хто вызнаваў Хрыста ў якасці свайго главы, не ўхваляў Павел, таму што выкарыстоўвалі імя Хрыста, каб аддзяляцца ад іншых, унутры хрысціянскай супольнасці. Але імя Хрыста стварае саюз і камунію, не падзел! Ён прыйшоў, каб стварыць адзінства паміж намі, не падзел. Хрост і Крыж – гэта цэнтральныя элементы хрысціянскай прыналежнасці да вучняў, якія для нас з’яўляюцца супольнымі. Падзелы, аднак, аслабляюць пераканаўчасць і эфектыўнасць нашай евангелізацыйнай дзейнасці і пагражаюць крыжу пазбаўленнем яго моцы.
Павел папракаў карынцянаў за іх спрэчкі, але таксама дзякаваў Пану “дзеля ласкі Божай, дадзенай вам у Хрысце Езусе. Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усялякім словам і ўсялякім пазнаннем”. Гэтыя словы Паўла не простая фармальнасць, але знак таго, што Ён бачыў на першым месцы – і гэтаму шчыра радаваўся – дары, якія Бог даў супольнасці. Гэтая пазіцыя апостала натхняе нас і кожную хрысціянскую супольнасць з радасцю прызнаць прысутнасць дароў Божых у іншых супольнасцях. Нягледзячы на боль падзелаў, якія, на жаль, яшчэ застаюцца, прымем словы Паўла ў якасці закліку да шчырай радасці за ласкі, якія Бог даў іншым хрысціянам. Мы маем той самы хрост, таго самага Святога Духа, які нам даў ласкі. Прызнаем гэта і ўзрадуемся.
Цудоўна прызнаваць ласку, якой Бог нас благаслаўляе, і яшчэ больш знаходзіць у іншых хрысціянах нешта, у чым маем патрэбу, нешта, што можам атрымаць у якасці дару ад нашых братоў і сясцёр. Канадская група, якая падрыхтавала разважанні для гэтага Тыдня малітваў, не заклікае супольнасці думаць аб тым, што маглі б даць ім блізкія хрысціяне, але запрашае сустрэцца, каб зразумець, што ўсе могуць часам атрымліваць ад іншых. Гэта патрабуе нечага большага. Патрабуе вялікай малітвы, патрабуе пакоры, разважання і пастаяннага навяртання. Будзем ісці наперад гэтым шляхам, молячыся за адзінства хрысціян, каб гэты скандал знікаў і яго не было паміж намі”, - сказаў Пантыфік. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|