“Гэты сакрамэнт мацней яднае нас з Хрыстом, прыводзіць да спаўнення нашу сувязь з Касцёлам, дае асаблівую сілу Святога Духа, неабходную, каб распаўсюджваць і бараніць веру, вызнаваць імя Хрыста і не саромецца крыжа”, - адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 29 студзеня. Сваю трэцюю катэхезу на тэму сакрамэнтаў Пантыфік прысвяціў канфірмацыі.
Папа падкрэсліў сувязь, якая існуе паміж канфірмацыяй і хростам. Паводле Святога Айца, першы сакрамэнт з’яўляецца працягам другога, а сувязь паміж імі непарыўная. “Гэтыя два сакрамэнты, разам з Эўхарыстыяй, складаюць адзіную збаўчую падзею – “хрысціянскую ініцыяцыю” – праз якую мы далучаемся да Езуса Хрыста, памерлага і ўваскрослага, і становімся новымі стварэннямі і членамі Касцёла. Вось чаму напачатку гэтыя тры сакрамэнты цэлебраваліся разам – на заканчэнне катэхуменальнага шляху, звычайна ў пасхальную вігілію. Так заканчваўся шлях фармацыі і паступовага ўключэння ў хрысціянскую супольнасць, які мог працягвацца нават некалькі гадоў”, - сказаў Папа.
Пантыфік дадаў, што праз алей хрызма, які ўжываецца падчас гэтага сакрамэнту, дзякуючы моцы Духа вернікі становяцца падобнымі да Езуса Хрыста, адзінага сапраўды “Намашчанага”, “Месіі”, “Святога Божага”.
“Тэрмін “канфірмацыя” азначае, што гэты сакрамэнт спрыяе росту ласкаў хросту: мацней яднае нас з Хрыстом, прыводзіць да спаўнення нашу сувязь з Касцёлам, дае асаблівую сілу Святога Духа, неабходную, каб распаўсюджваць і бараніць веру, вызнаваць імя Хрыста і не саромецца крыжа”, - адзначыў Папа. У сувязі з гэтым Святы Айцец падкрэсліў, што асабліва важна, каб моладзь атрымлівала сакрамэнт канфірмацыі і “не заставалася на палове шляху, не атрымаўшы Святога Духа”. Папа заклікаў да забеспячэння добрай падрыхтоўкі кандыдатаў: яна павінна весці да асабістага злучэння з верай у Хрыста і абуджаць пачуццё прыналежнасці да Касцёла.
Папа нагадаў, што “канфірмацыя, як і кожны сакрамэнт, – гэта не чалавечая, але Божая ініцыятыва”, і менавіта Бог клапоціцца, каб сфарміраваць вернікаў на падабенства свайго Сына: зрабіць “здольнымі любіць, як Ён”. Таму, па словах Папы, Бог вылівае Святога Духа, дзейнасць якога прасякае ўсю асобу і ўсё жыццё, што бачна з сямі дароў, якія Традыцыя, у святле Святога Пісання, заўсёды вызначала, – мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці, боязі Божай. Пантыфік паведаміў, што гэтым дарам жадае прысвяціць наступны цыкл катэхез, які пачнецца пасля цяперашняга, прысвечанага сакрамэнтам.
“Калі прымаем Святога Духа ў наша сэрца і дазваляем Яму дзейнічаць, сам Хрыстус становіцца прысутным сярод нас і набывае форму ў нашым жыцці. Праз нас Ён – паслухайце гэта добра – праз нас сам Хрыстус будзе маліцца, прабачаць, выліваць надзею і суцяшэнне, служыць братам, набліжацца да патрабуючых і апошніх, ствараць адзінства, сеяць спакой”, - сказаў Папа.
Пантыфік заклікаў памятаць пра атрыманне сакрамэнту канфірмацыі, “каб дзякаваць Пану за гэтыя дары” і прасіць, “каб дапамог жыць па-хрысціянску, заўсёды радасна крочыць у згодзе са Святым Духам, які нам быў падараваны”.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа нагадаў, што 31 студзеня Касцёл будзе адзначаць успамін св. Яна Боско, і пажадаў, каб гэты “айцец і настаўнік” суправаджаў моладзь у вучобе і выхаванні. Хворых Пантыфік заклікаў не губляць надзеі нават у моманты цяжкіх пакутаў, а маладых сужэнцаў – натхняцца салезіянскай мадэллю любові ў шматбаковым выхаванні дзяцей. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|