Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: неабходна з удзячнасцю шанаваць практыку кансэкраванага жыцця
Слова Папы
02.02.2014 19:54

Маліцца за тых, якія далі адказ на пакліканне Езуса і рэалізуюць сябе ў манаскім жыцці, заклікаў вернікаў Святы Айцец падчас сустрэчы на малітве “Анёл Панскі” 2 лютага. Пантыфік нагадаў, што 2015 год будзе ў Касцёле прысвечаны асаблівым чынам кансэкраванаму жыццю.

“Сёння мы адзначаем свята Ахвяравання Пана ў святыні. - сказаў Папа. - Сёння таксама – Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, які нагадвае пра важнасць для Касцёла людзей, якія пачулі заклік да неадкладнага наследавання Езуса на шляху евангельскіх парад. Сённяшняе Евангелле кажа нам, што праз сорак дзён пасля нараджэння Езуса Марыя і Юзаф, у адпаведнасці з габрэйскім законам, занеслі Дзіця ў святыню, каб прысвяціць і ахвяраваць Яго Богу. Гэтая евангельская падзея з’яўляецца таксама іконай ахвяравання свайго жыцця тымі, хто, у сілу Божага дару, прымае тыповыя рысы Езуса цнатлівага, беднага і паслухмянага.

Гэты дар сябе для Бога тычыцца кожнага хрысціяніна, таму што мы ўсе кансэкраваныя Яму праз хрост. Мы ўсе пакліканы прысвяціць сябе Айцу, разам з Езусам і як Езус, робячы наша жыццё шчодрым дарам у сям’і, на працы, у служэнні Касцёлу, у справах міласэрнасці. Аднак гэтую кансэкрацыю пражываюць асаблівым чынам законнікі, манахі, свецкія кансэкраваныя асобы, якія праз шлюбы цалкам і выключна належаць Богу. Гэтая прыналежнасць да Пана дазваляе тым, хто сапраўды ёй жыве, даць асаблівае сведчанне Евангелля Божага Валадарства. Будучы цалкам прысвечанымі Богу, яны да канца адданыя братам, каб несці святло Хрыста туды, дзе пануе самая шчыльная цемра, і распаўсюджваць надзею ў сэрцах прыгнечаных.

Кансэкраваныя асобы з’яўляюцца прыкметай Бога ў розных сферах жыцця, з’яўляюцца закваскай развіцця больш справядлівага і братняга свету, прароцтвам дзялення з самымі малымі і беднымі. Так разуметае і пражыванае кансэкраванае жыццё праяўляецца такім, якім яно ёсць на самой справе: яно – дар ад Бога! Божы дар для Касцёла, дар Бога для свайго народа! Кожная кансэкраваная асоба з’яўляецца дарам для нас – Божага народа – на шляху. Гэтая прысутнасць вельмі патрэбная; яна ўмацоўвае і абнаўляе справу абвяшчэння Евангелля, хрысціянскага выхавання, міласэрнасці да найбольш патрабуючых, кантэмпляцыйнай малітвы, справу чалавечай і духоўнай фармацыі маладых людзей і сем’яў, намаганні для справядлівасці і міру ў чалавечай сям’і. Падумаем, што было б, калі б мы не мелі законніц, сясцёр у шпіталях, сясцёр-місіянерак, сясцёр у школах? Вы можаце ўявіць сабе Касцёл без законніц?.. Не, нельга ўявіць! Яны з’яўляюцца дарам, закваскай, тымі, якія штурхаюць Божы народ наперад. Гэтыя жанчыны – выдатныя, яны кансэкруюць сваё жыццё і нясуць пасланне Езуса!

Касцёл і свет маюць патрэбу ў гэтым сведчанні любові і Божай міласэрнасці. Кансэкраваныя асобы, законнікі і законніцы, таксама з’яўляюцца сведчаннем, што Бог добры, што Бог міласэрны. Таму неабходна з удзячнасцю шанаваць практыку кансэкраванага жыцця і паглыбіць свае веды пра розныя харызматы і духоўнасць. Нам трэба маліцца, каб многія маладыя людзі адказалі “так” Пану, які кліча іх да поўнага прысвячэння Яму для самаадданага служэння братам, да кансэкрацыі жыцця для сужэння Богу і братам.

Па ўсіх гэтых прычынах, як ужо было абвешчана, 2015 год будзе прысвечаны асаблівым чынам кансэкраванаму жыццю. Даверым ужо зараз гэтую ініцыятыву заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Юзафа, якія як бацькі Езуса былі першымі кансэкраваныя Ім і прысвяцілі сваё жыццё Яму”.

Пасля малітвы Папа Францішак узгадаў жыхароў Рыма і Тасканы, якія пацярпелі ад дажджоў, заклікаў сабраных на плошчы св. Пятра да салідарнасці і малітвы за іх.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.