З сакрамэнту Эўхарыстыі пачынаецца кожны сапраўдны шлях веры, адзінства і сведчання, адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 5 лютага. Нягледзячы на халоднае надвор’е і дождж, на плошчы св. Пятра сабраліся тысячы пілігрымаў. Катэхезу Пантыфік прысвяціў сакрамэнту Эўхарыстыі, які знаходзіцца ў сэрцы “хрысціянскай ініцыяцыі” і разам з хростам і канфірмацыяй складае крыніцу жыцця Касцёла.
Святы Айцец звярнуў увагу на знешнія атрыбуты, якія суправаджаюць эўхарыстычную цэлебрацыю і дапамагаюць зразумець, што падчас яе адбываецца. “У цэнтры месца, прызначанага для цэлебрацыі, знаходзіцца алтар, які ўяўляе сабой стол, пакрыты абрусам, і гэта нагадвае пра пір. На стале знаходзіцца крыж, які ўказае, што на алтары адбываецца ахвяра Хрыста: гэта Ён – духоўны пасілак, які атрымліваем пад постацямі хлеба і віна. Побач са сталом знаходзіцца амбона – месца, з якога абвяшчаецца Божае слова, што сведчыць аб тым, што тут збіраюцца слухаць Пана, які прамаўляе праз Святое Пісанне. Такім чынам, тут можна атрымаць пасілак і Яго слова”, - сказаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што падчас Імшы слова і хлеб “становяцца адным”, як і падчас Апошняй Вячэры, калі ўсе словы і жэсты Езуса выявіліся ў дзяленні хлеба і ахвяраванні келіха, прадвеснікаў крыжовай ахвяры, і словах: “Бярыце і ешце, гэта цела Маё... Бярыце і піце, гэта кроў Мая”. Паводле Папы, гэты жэст Езуса з’яўляецца найвышэйшай падзякай Айцу за Яго любоў і міласэрнасць. Менавіта на гэта ўказвае і сам тэрмін “эўхарыстыя”, які ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “падзяка”.
“Такім чынам, эўхарыстычная цэлебрацыя – гэта больш чым проста пір: гэта ўспамін Пасхі Езуса – цэнтральнай таямніцы збаўлення. “Успамін” не азначае толькі напаміну, простай узгадкі, але падкрэслівае, што кожны раз, цэлебруючы гэты сакрамэнт, мы ўдзельнічаем у таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста. Эўхарыстыя складае вяршыню збаўчай дзейнасці Бога: Пан Езус, становячыся хлебам, паламаным за нас, вылівае на нас усю сваю міласэрнасць і любоў, каб мы маглі абнавіць нашы сэрцы, наша існаванне, наш спосаб адносінаў да Яго і братоў”, - адзначыў Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што ўдзел у эўхарыстычнай вячэры “выключным і глыбокім чынам робіць нас падобнымі да Хрыста, дазваляючы ўжо зараз адчуць поўнае адзінства з Айцом, якое характарызуе нябесны пір, дзе з усімі святымі будзем мець хвалу сузірання Бога тварам у твар”.
Таму, паводле Святога Айца, вельмі важным для вернікаў з’яўляецца ўдзел у нядзельнай Імшы, падчас якой недастаткова проста маліцца - неабходна таксама прымаць святую Камунію. Эўхарыстыя, па словах Папы, з’яўляецца дарам, каштоўнасць і багацце якога “ніколі не спынімся ўсведамляць”. “Папросім, каб гэты сакрамэнт мог працягваць падтрымліваць у Касцёле жывой прысутнасць Пана і фарміраваць нашы супольнасці ў любові і адзінстве, паводле сэрца Айца”, - сказаў Папа.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што 5 лютага Касцёл адзначае ўспамін св. Агаты, і пажадаў, каб гераічныя цноты гэтай дзевы і мучаніцы дапамаглі моладзі зразумець важнасць чысціні і дзявоцтва, хворым – прыняць крыж у духоўнай еднасці з сэрцам Хрыста, а маладым сужэнцам – усвядоміць ролю жанчыны ў сямейным жыцці. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|