Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: цудоўная місія – даваць святло свету, і гэтая місія даверана нам
Слова Папы
10.02.2014 11:12

На евангельскую сімволіку святла і солі, якая адносіцца да тоеснасці хрысціяніна, звярнуў увагу Святы Айцец падчас сустрэчы з вернікамі 9 лютага на малітве “Анёл Панскі”.  Менавіта паслядоўнікі Хрыста, адзначыў Папа, павінны надаваць “смак” гэтаму свету, сёння як ніколі, і гэта павінна адбывацца праз сапраўднае сведчанне міласэрнасці.

Калі хрысціянскае жыццё губляе сваю “соль”, з ёй губляецца і яго сэнс, дадаў Пантыфік.

“У Евангеллі гэтай нядзелі, якое наступае пасля прамаўлення Благаслаўленняў, Езус кажа сваім вучням: “Вы – соль зямлі... Вы – святло свету” (Мц 5,13-14). - нагадаў Папа. - Але гэта здаецца крыху дзіўным для нас, калі мы падумаем пра тых, хто знаходзіўся перад Езусам, калі Ён казаў гэтыя словы. Кім на самой справе былі тыя вучні? Яны былі рыбакамі, простымі людзьмі... Але Езус глядзіць на іх вачыма Бога, і Яго сцвярджэнне можна зразумець толькі як наступства Благаслаўленняў. Ён хоча сказаць: калі вы будзеце ўбогімі духам, калі вы будзеце пакорнымі, калі вы будзеце чыстымі сэрцам, калі вы будзе міласэрнымі – вы будзеце соллю зямлі і святлом свету!

Каб лепш зразумець гэтыя вобразы, трэба мець на ўвазе, што габрэйскі закон загадваў пасыпаць невялікай колькасцю солі кожную ахвяру, прадстаўленую Богу на знак запавету. Святло для Ізраіля было сімвалам месіянскага аб’яўлення, што перамагае над цемрай язычніцтва. Хрысціяне, новы Ізраіль, прынялі місію перад абліччам усіх людзей: з верай і міласэрнасцю яны могуць весці, кансэкраваць, рабіць плённым чалавецтва. Усе мы, ахрышчаныя, з’яўляемся вучнямі-місіянерамі, закліканымі станавіцца жывым Евангеллем у свеце. Святым жыццём мы дадзім “смак” розным асяроддзям і будзем абараняць іх ад сапсавання, як гэта робіць соль, і прынясём святло Хрыста праз сведчанне сапраўднай міласэрнасці.

Але калі мы, хрысціяне, губляем смак, трацім сваю прысутнасць у якасці солі і святла – губляем сваю плённасць. Гэта цудоўная місія – даваць святло свету, і гэтая місія даверана нам. Яна сапраўды цудоўная! Вельмі прыемна таксама захоўваць святло, якое мы атрымалі ад Езуса. Абараняць. Захоўваць. Хрысціянін павінен быць асобай яркай, тым, хто прыносіць святло, заўсёды дае святло! Святло, якое не належыць яму, дар Божы, дар Езуса. І мы нясём гэтае святло далей. Калі хрысціянін згасіць гэтае святло, яго жыццё губляе сэнс, ён становіцца хрысціянінам намінальным, без святла, з жыццём без сэнсу. Таму хацеў бы спытаць вас цяпер, як вы хочаце жыць: як запаленая лямпа ці згашаная? Запаленая ці згашаная? Як бы вы хацелі жыць? Запаленая лямпа! Толькі Бог дае нам гэтае святло, а мы дзелімся ім з іншымі. Запаленая лямпа – вось яно – хрысціянскае пакліканне”.

Святы Айцец адзначыў таксама, што моліцца за тых, хто пакутуе ад наступстваў стыхійных бедстваў, якія закранулі многія краіны Еўропы. Па словах Папы, такім чынам прырода заклікае чалавека да беражлівых і ўважлівых адносін да сябе. Пантыфік звярнуў увагу, што стварэнне трэба абараняць, а абыякавае стаўленне да яго можа прывесці да яшчэ больш сур’ёзных наступстваў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.