Прыступаць да сакрамэнту пакаяння, які дае навяртанне і прымірэнне з Богам, сабой і братамі, заклікаў Папа Францішак 19 лютага падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. У сваёй катэхезе Святы Айцец засяродзіўся на розных аспектах сакрамэнту.
Па словах Пантыфіка, праз сакрамэнты прымірэння і намашчэння хворых праяўляецца жаданне Езуса, каб Касцёл праз вернікаў працягваў Яго справу збаўлення. Гэтыя сакрамэнты могуць быць аб’яднаны адным іменем – “сакрамэнты аздараўлення”. Калі чалавек ідзе спавядацца, прыходзіць за аздараўленнем душы і сэрца, падкрэсліў Святы Айцец. Глыбокую сувязь гэтых сакрамэнтаў, як адзначыў Папа, найлепш выражае біблійны эпізод аб прабачэнні і аздараўленні паралізаванага, калі Езус прадстае як урач адначасова і душаў, і целаў.
Святы Айцец падкрэсліў, што карані сакрамэнту пакаяння знаходзяцца непасрэдна ў пасхальнай таямніцы, калі Езус аб’явіўся вучням у вячэрніку і пасля таго, як прывітаў іх словамі “Супакой вам!”, дыхнуў на іх і сказаў: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя”.
“Прабачэнне нашых грахоў - гэта не штосьці, што можам зрабіць мы самі. Я не магу сказаць: “Я прабачаю сабе грахі”. Аб прабачэнні трэба прасіць, прасіць у іншых, а ў споведзі мы просім прабачэння ў Езуса. Прабачэнне – гэта не плён нашых намаганняў, але дар Святога Духа, які нас абмывае міласэрнасцю і ласкай, што няспынна выліваюцца з прабітага сэрца ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста”, - сказаў Папа і дадаў, што толькі прымірыўшыся ў Езусе з Айцом і братамі, можна па-сапраўднаму прабываць у спакоі.
Пантыфік падкрэсліў, што менавіта хрысціянская супольнасць з’яўляецца месцам прысутнасці Святога Духа, які перамяняе сэрцы Божай любоўю і робіць усіх братоў адзінымі ў Езусе Хрысце. “Вось чаму не дастаткова прасіць прабачэння ў Пана ва ўласных думках і сэрцы, але неабходна пакорна і з даверам спавядацца з грахоў слузе Касцёла. У цэлебрацыі гэтага сакрамэнту святар прадстаўляе не толькі Бога, але і ўсю супольнасць, якая ўсведамляе слабасць кожнага свайго члена, сардэчна слухае яго споведзь, прыміраецца з ім, яго натхняе і суправаджае на шляху навяртання і чалавечага і хрысціянскага сталення”, - сказаў Папа.
Па словах Святога Айца, сорам, якім часта суправаджаецца споведзь, з’яўляецца “добрай” і “здаровай” з’явай: “Сорам прыносіць карысць, робіць нас больш пакорнымі”. Папа параіў вернікам не баяцца сакрамэнту пакаяння, а калі з моманту апошняй споведзі прайшло шмат часу, “не губляць больш ні дня” і паспавядацца, каб патрапіць у “абдымкі бясконцай міласэрнасці Айца”. “Кожны раз, калі спавядаемся, Бог нас абдымае, робіць свята”, - сказаў Пантыфік.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа нагадаў моладзі пра важнасць ахвяравання сабой на шляху чалавечага і хрысціянскага сталення, пажадаў, каб Маці Божая дапамагала хворым пераносіць хваробы са спакоем і сілай, а маладым сужэнцам – будаваць свае сем’і на моцным фундаменце даверу Божай волі. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|