Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: пакліканне біскупа, кардынала і Папы - быць слугой, каб служыць у імя Хрыста
Слова Папы
23.02.2014 21:09

23 лютага Папа Францішак сустрэўся з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. На плошчы св. Пятра прысутнічалі дэлегацыі з розных краін, якія прыбылі на ўрачыстасці, звязаныя з узвядзеннем новых кардыналаў. Пантыфік заклікаў вернікаў падтрымліваць сваіх пастыраў, суправаджаць іх малітвай і дапамагаць ім будаваць сапраўдны Хрыстовы Касцёл, у якім на першым месцы стаіць служэнне братам і мужнасць апраўдаць духоўныя чаканні і патрабаванні сучасных людзей.

Святы Айцец нагадаў пра патрэбу адзінства ў Касцёле і падкрэсліў, што гэтаму можа дапамагчы добра разуметая ўніверсальнасць і каталіцкасць. Менавіта адзінства, па словах Папы, становіцца ўсё больш і больш важным, бо індывідуалістычнае мысленне, характэрнае для сучаснага свету, імкнецца ўвайсці і ў асяроддзе хрысціян.

“У другім чытанні сённяшняй нядзелі апостал Павел кажа: “Таму няхай ніхто не хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае: ці Павел, ці Аполас, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае – усё вашае, вы ж – Хрыста, а Хрыстус – Бога” (1 Кар 3, 23) , - нагадаў Папа. - Чаму менавіта аб гэтым кажа апостал? Таму што праблема, на якую ён звяртае ўвагу, - гэта падзелы ў супольнасці Карынту, дзе пачалі ўтварацца групы, што разглядалі розных прапаведнікаў у якасці сваіх кіраўнікоў, кажучы: “я Паўлаў, я Апалосаў, я Кіфаў...” (1, 12 ). Св. Павел тлумачыць, што гэты спосаб мыслення з’яўляецца памылковым, таму што не супольнасць належыць да апосталаў, але яны – апосталы – належаць да супольнасці, супольнасць жа, уся поўнасцю, належыць Хрысту!

З гэтага вынікае, што ў хрысціянскай супольнасці – дыяцэзіях, парафіях, аб’яднаннях і рухах – адрозненні не могуць стаяць у супярэчнасці з фактам, што ўсе мы, праз хрост, маем адну і тую ж годнасць – усе мы, у Езусе Хрысце, з’яўляемся дзецьмі Божымі. І гэтая наша годнасць – у Езусе Хрысце мы дзеці Божыя! Тыя, хто атрымаў служэнне кіраўніцтва, прапаведвання, удзялення сакрамэнтаў, не могуць разглядацца ў якасці ўладальнікаў адмысловых паўнамоцтваў, уласнікаў; яны тыя, хто знаходзіцца на службе супольнасці, дапамагаючы іншым з радасцю ісці па шляху святасці.

Касцёл засноўваецца сёння на сведчанні гэтага пастырскага ладу жыцця новых кардыналаў, з якімі я сёння раніцай цэлебраваў святую Імшу. Давайце прывітаем усіх новых кардыналаў апладысментамі! Вітаем усіх! Учарашні кансісторый і сённяшняя эўхарыстычная цэлебрацыя прапанавалі нам каштоўную магчымасць адчуць каталіцкасць, універсальнасць Касцёла, добра прадстаўленую розным паходжаннем членаў Калегіі кардыналаў, якія сабраліся ў цесных зносінах вакол Наступніка святога Пятра. І няхай Пан дасць нам ласку працаваць для адзінства Касцёла, будаваць гэтае адзінства, таму што адзінства становіцца ўсё больш і больш важным у сітуацыі канфліктаў! Адзінства Касцёла – у Хрысце, а канфлікты - гэта праблемы, якія не заўсёды паходзяць ад Хрыста.

Літургічныя моманты і ўрачыстасць, якія мы мелі магчымасць перажыць на працягу апошніх двух дзён, умацавалі ўсіх нас у веры і любові да Хрыста і Яго Касцёла! Я запрашаю вас падтрымаць гэтых пастыраў і суправаджаць іх малітвай, каб заўсёды са стараннасцю вялі народ, які быў ім даручаны, дэманструючы ўсю пяшчоту і любоў Пана. Але ж як патрэбна малітва біскупа, кардынала, Папы, каб дапамагчы Божаму народу ісці наперад. Дапамагчы - значыць служыць Божаму народу, бо пакліканне біскупа, кардынала і Папы менавіта гэта: быць слугой, каб служыць у імя Хрыста. Маліцеся за нас, каб мы былі добрымі слугамі – добрымі слугамі, а не добрымі кіраўнікамі!

Усе мы разам, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, павінны даваць сведчанне Касцёла, вернага Хрысту, ажыўленага жаданнем служыць братам і гатовага з прароцкай мужнасцю сустрэцца з чаканнямі і духоўнымі патрэбамі людзей нашага часу. Дзева Марыя няхай суправаджае і абараняе нас у гэтым падарожжы”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.