Сакрамэнту намашчэння хворых прысвяціў казанне падчас агульнай аўдыенцыі 26 лютага Папа Францішак. Па словах Святога Айца, гэты сакрамэнт дапамагае дакрануцца да спачування Бога чалавеку, спрыяе больш шырокаму погляду на хваробы і пакуты, у перспектыве Божай міласэрнасці.
Пантыфік звярнуў увагу на тое, што намашчэнне хворых мае біблійную аснову, а яго таямніцу ўпоўні выражае прыпавесць пра добрага самараніна, пераказаная евангелістам Лукой. “Кожны раз, калі цэлебруем гэты сакрамэнт, Пан Езус, у асобе святара, набліжаецца да пакутуючага, цяжка хворага ці пажылога”, - сказаў Папа і нагадаў, што добры самаранін клапаціўся пра церпячага чалавека, выліваючы на яго раны алей і віно. Першы, заўважыў Францішак, сімвалізуе алей хрызма, які біскуп благаслаўляе кожны год у Вялікі чацвер, а віно – гэта “знак любові і ласкі Хрыста”.
“Пакутуючы чалавек быў давераны гаспадару заезда, каб працягваў клапаціцца пра яго, не думаючы пра выдаткі. А сёння хто з’яўляецца гэтым гаспадаром? Гэта Касцёл, хрысціянская супольнасць, гэта мы, якім Пан Езус штодзённа давярае параненых целам і душой, каб маглі працягваць бязмерна выліваць на іх усю Яго міласэрнасць і збаўленне”, - адзначыў Папа.
Пантыфік нагадаў, што гэтае заданне ясна і дакладна акрэслена ў Пасланні святога апостала Якуба: “Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем ў імя Пана. І малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, і грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму” (5, 14-15). Так, паводле Папы, паступалі ўжо ў часы апосталаў.
“Езус на самой справе вучыў сваіх вучняў мець такі ж клопат аб хворых і пакутуючых і перадаў ім здольнасць і заданне працягваць шчодра дарыць, у Яго імя і паводле Яго сэрца, палягчэнне і спакой, праз асаблівую ласку гэтага сакрамэнту. Гэта, аднак, не павінна ператварацца ў настойлівы пошук цуду ці прэтэнзію на магчымасць атрымання аздараўлення заўсёды і паўсюль”, - звярнуў увагу Папа.
Многія, па словах Пантыфіка, баяцца клікаць святара ў момант цяжкай хваробы, бо памылкова думаюць, што гэта кепскі знак, які азначае набліжэнне смерці. Гэта не так, адзначыў Папа і дадаў, што святар прыходзіць як Езус – каб дапамагчы хвораму ці пажылому чалавеку, даць яму сілы, надзею, удзяліць прабачэнне грахоў.
“Не думайце, што гэта табу; заўсёды цудоўна ведаць, што ў момант болю і хваробы мы не адны: святар і тыя, хто прысутнічае падчас памашчэння хворых, прадстаўляюць усю хрысціянскую супольнасць, якая, як адзінае цела, з Езусам, збіраецца вакол пакутуючага і яго сваякоў, умацоўваючы ў іх веру і надзею і падтрымліваючы малітвай і братэрскай цеплынёй. Але самае вялікае суцяшэнне паходзіць з факту, што ў сакрамэнце прысутнічае сам Пан Езус, які бярэ за руку, дае сваю пяшчоту, як рабіў у адносінах да хворых, і нагадвае, што мы належым да Яго і нічога – нават зло і смерць – ніколі не зможа аддзяліць нас ад Яго”, - сказаў Папа.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа заклікаў моладзь быць радаснымі вучнямі Хрыста, хворых – перажываць свае пакуты ў еднасці з Езусам, а маладых сужэнцаў – зрабіць Евангелле фундаментальным правілам свайго сямейнага жыцця. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|