Не назапашваць багацці толькі для сябе, але ставіць іх на служэнне іншым - з такім заклікам звярнуўся да вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра, Папа Францішак перад нядзельнай малітвай “Анёл Панскі” 2 сакавіка.
“У цэнтры літургіі гэтай нядзелі бачым адну з самых суцяшальных праўдаў: Божы Провід, – адзначыў Пантыфік. – Прарок Ісая прадстаўляе яго праз вобраз матчынай любові, поўнай пяшчотнасці: “Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Але калі б нават і забыла, Я не забуду пра цябе” (Іс 49, 15). Як цудоўна гэта! Бог не забывае пра нас, пра кожнага з нас, з іменем і прозвішчам! Ён нас любіць і не забывае! Якая цудоўная думка... Гэты заклік да даверу да Бога мае паралелі са старонкай Евангелля паводле Мацвея: “Глядзіце на птушак нябесных: яны не сеюць, не жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх ... Паглядзіце на лілеі палявыя, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй сваёй славе не апранаўся так, як адна з іх”.
Але, думаючы пра многіх людзей, якія жывуць у складаных умовах, ці менавіта ў беднасці, якая зневажае іх годнасць, гэтыя словы Езуса могуць здавацца абстрактнымі ці нават ілюзорнымі. Але ў рэальнасці яны як ніколі актуальныя! Яны нагадваюць нам, што нельга служыць двум гаспадарам: Богу і багаццю. Пакуль кожны спрабуе назапашваць для сябе, ніколі не настане справядлівасць. Мы павінны добра пачуць гэта! Пакуль кожны спрабуе назапашваць для сябе, ніколі не настане справядлівасць. Але калі, давяраючы Божаму Провіду, разам шукаем Яго Валадарства, тады ніхто не будзе мець патрэбы ў неабходным для годнага жыцця.
Сэрца, занятае гарачым жаданнем валодання, – гэта сэрца, поўнае гарачага жадання валодання, але пустое Богам. Таму Езус шмат разоў перасцерагаў багатых, бо для іх існуе вялікая рызыка будавання ўласнай бяспекі на дабротах гэтага свету, а сапраўднай бяспекай з’яўляецца Бог. У сэрцы, ахопленым багаццямі, мала месца для веры: усё занята багаццямі – для веры месца няма. Калі, аднак, Богу адводзіцца месца, якое Яму належыць – гэта значыць першае, – тады Яго любоў вядзе да дзялення таксама і багаццямі, стаўлення іх на службу праектам салідарнасці і развіцця, як дэманструюць шматлікія прыклады, нават нядаўнія, у гісторыі Касцёла.
І так Божы Провід праходзіць праз наша служэнне іншым, наша дзяленне з іншымі. Калі кожны з нас не назапашвае багацці толькі для сябе, але ставіць іх на службу іншым, тады Божы Провід становіцца бачным, у якасці жэсту салідарнасці. Але калі нехта назапашвае толькі для сябе, што з ім здарыцца, калі будзе пакліканы да Бога? Ён не зможа ўзяць багацці з сабой, бо, ведаеце, пахавальная плашчаніца не мае кішэняў! Лепш дзяліцца, таму што забярэм на Неба толькі тое, чым падзяліліся з іншымі.
Шлях, які ўказаў Езус, можа здавацца мала рэалістычным перад абліччам агульнай ментальнасці і праблем эканамічнага крызісу; але калі добра падумаць, ён нясе нам справядлівую шкалу каштоўнасцяў. Ён кажа: “Ці ж душа не большая за ежу, а цела – за вопратку?” Каб усім хапала ежы, вады, вопраткі, дамоў, працы, здароўя, неабходна, каб усе мы прызналі сябе сынамі Айца, які ў Небе, і таму братамі паміж намі, і вялі сябе адпаведна гэтаму. Аб гэтым я нагадваў у Пасланні на Сусветны дзень міру 1 студзеня: шлях да міру і братэрства ў тым, каб ісці разам і разам дзяліцца ўсім.
У святле Божага слова гэтай нядзелі памолімся да Панны Марыі, як Маці Божага Провіду. Даверым Ёй наша жыццё, шлях Касцёла і чалавецтва. Асабліва папросім аб Яе заступніцтве для ўсіх тых, хто, намагаючыся жыць проста і сціпла, уважліва ўглядаецца ў патрэбы найбольш патрабуючых братоў”.
Пасля малітвы Пантыфік нагадаў, што на гэтым тыдні пачынаецца Вялікі пост – шлях Божага народа да Пасхі, шлях навяртання, барацьбы са злом зброяй малітвы, абмежавання ў ежы, шлях міласэрнасці. “Чалавецтва мае патрэбу ў справядлівасці, згодзе, міры і можа мець іх толькі калі ўсім сэрцам звернецца да Бога, які з’яўляецца іх крыніцай”, - сказаў Папа і заклікаў увайсці ў перыяд Вялікага посту з духам пакланення Богу і братэрскай салідарнасці з тымі, хто пакутуе ад беднасці і гвалтоўных канфліктаў. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|