Навяртанне з’яўляецца ўдзячным адказам на цудоўную таямніцу любові Бога, адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 5 сакавіка, у Папяльцовую сераду, якой пачынаецца Вялікі пост. Пантыфік назваў гэты перыяд “моцным часам”, які можа паспрыяць перамене і навяртанню, неабходным для выхаду з прывычнай стомленасці і лянівай прывязанасці да зла.
“Падчас Вялікага посту Касцёл скіроўвае да нас два важныя заклікі: ажывіць у сабе ўсведамленне збаўчай дзейнасці Хрыста і больш актыўна жыць уласным хростам, - сказаў Папа. - Усведамленне цудаў, якія Пан учыніў для нашага збаўлення, адкрывае наш розум і сэрца на ўдзячныя адносіны да Бога, за тое, што Ён нам падарыў, за ўсё тое, што здзяйсняе на карысць свайго народа і ўсяго чалавецтва. Адсюль пачынаецца наша навяртанне: яно з’яўляецца ўдзячным адказам на цудоўную любоў Бога”.
Глыбока жыць уласным хростам, паводле Святога Айца, азначае не прызвычайвацца да гора і беднасці, з якімі сустракаемся, праходзячы дарогамі нашых гарадоў і краін.
“Існуе рызыка пасіўнага прыняцця некаторых паводзінаў і адсутнасці здзіўлення перад абліччам сумных рэалій, якія нас акружаюць. Мы прызвычайваемся да насілля, нібыта яно з’яўлецца звычайнай штодзённай навіной; мы прызвычайваемся да братоў і сясцёр, якія спяць на вуліцы, не маючы даху над галавой. Мы прызвычайваемся да бежанцаў, якія шукаюць свабоды і годнасці, а іх не прымаюць належным чынам. Мы прызвычайваемся жыць у грамадстве, якое імкнецца станавіцца менш Божым, у якім бацькі не вучаць дзяцей маліцца і рабіць знак крыжа. Гэтая прывязанасць да нехрысціянскіх паводзінаў і камфорту наркатызуе наша сэрца!” – адзначыў Папа.
У гэтым кантэксце, па словах Пантыфіка, Вялікі пост з’яўляецца адмысловым часам, каб аднавіць здольнасць рэагаваць на рэчаіснасць зла.
“Вялікі пост трэба пражыць як час навяртання, асабістага і супольнага абнаўлення праз набліжэнне да Бога і даверлівага прыняцця Евангелля. Ён дазваляе таксама глядзець новымі вачыма на братоў у патрэбе. Таму час Вялікага посту – гэта спрыяльны момант навяртання да любові да бліжняга; любові, здольнай прымаць паводзіны бескарыслівасці і міласэрнасці Бога, які “стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам”. Разважаючы над цэнтральнымі таямніцамі веры, мукі, крыжа і ўваскрасення Хрыста, будзем усведамляць, што бязмежны дар Адкуплення быў дадзены нам па бескарыслівай ініцыятыве Бога”, - заклікаў Папа.
Паводле Святога Айца, важнымі складаючымі Вялікага посту з’яўляюцца ўдзячнасць Богу, сапраўдная вера, навяртанне і сардэчная адкрытасць на братоў. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|