“Час Вялікага посту з’яўляецца спрыяльнай нагодай для ўсіх нас, каб ажыццявіць шлях навяртання”, - сказаў Папа Францішак у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 9 сакавіка. “Адновім абяцанні нашага Хросту: адмовімся ад сатаны і ад ўсіх яго дзеянняў і спакусаў, каб пайсці па шляху Бога і ў радасці Святога Духа прыбыць да святаў Пасхі”, - заклікаў Пантыфік.
“Евангелле першай нядзелі Вялікага посту кожны год расказвае пра эпізод спакушання Езуса, калі Святы Дух, які сышоў на Яго пасля хросту ў Ярдане, прымушае Яго змагацца з сатаной, на працягу сарака дзён у пустыні, перад пачаткам Яго публічнай місіі., - нагадаў Папа. - Спакушальнік імкнецца адцягнуць Езуса ад плану Айца, а менавіта ад шляху ахвяравання сябе, ад любові, якую Ён ахвяроўвае з сябе самога дзеля адкуплення, і прапануе Хрысту ўзняць лёгкі шлях: поспехаў і ўлады. Змаганні Езуса з сатаной праходзяць з дапамогай цытатаў са Святога Пісання. Д’ябал, каб завярнуць Езуса з дарогі крыжа, прапануе Яму ілжывыя месіянскія надзеі: эканамічны дабрабыт, калі Ён пераменіць камні ў хлеб; захапляючы і цудоўны стыль жыцця, калі Езус кінецца ўніз з найвышэйшага пункту ерузалемскай святыні і калі збавяць Яго анёлы; і ў канцы валадарствы свету і славу іх, у абмен на тое, што Хрыстус упадзе і паклоніцца сатане. Гэта тры групы спакусаў, якія ўсе мы добра ведаем.
Езус рашуча адкінуў усе гэтыя спакусы і падкрэсліў цвёрдую волю, каб ісці шляхам, вызначаным Нябесным Айцом, без якіх-небудзь кампрамісаў з грахом і з логікай свету. Заўважце добра, як адказвае Езус: Ён не вядзе дыялогу з сатаной, як гэта ўчыніла Ева ў зямным раі. Езус ведае добра, што з сатаной не трэба размаўляць, бо ён занадта хітры. Таму Езус, замест дыялогу, які вяла Ева, вырашыў схавацца ў Божым слове і адказвае з сілай гэтага слова. Будзем памятаць аб гэтым у момант спакусаў, нашых спакусаў: ніякіх спрэчак з сатаной, але заўсёды будзем бараніцца словам Божым. І Яно нас збавіць. У сваіх адказах сатане Пан – прымяняючы слова Божае – нагадвае нам перадусім пра тое, што “не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4,4); і гэта дае нам сілу, падтрымлівае нас у барацьбе з менталітэтам гэтага свету, які зводзіць чалавека да ўзроўню асноўных патрэбаў, у выніку чаго ён губляе голад таго, хто з’яўляецца праўдзівым, добрым і прыгожым – голад Бога і Яго любоў. Акрамя таго, Хрыстус нагадвае, што “напісана таксама: не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго” (Мц 4,7), таму што шлях веры праходзіць таксама праз цемру, сумненні і насычаецца настойлівым цярпеннем і чаканнем. Езус нагадвае ў канцы, што напісана: “Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць” (Мц 4,10); значыць, мы павінны вызваліцца ад ідалаў, марнасцяў і будаваць сваё жыццё на тым, што істотнае.
Гэтыя словы Езуса знойдуць пазней канкрэтнае пацвярджэнне ў Яго ўчынках. Яго абсалютная вернасць плану любові Айца прывядзе Яго, прыблізна праз тры гады, да канчатковага змагання з “князем гэтага свету” (Ян 16,11), у гадзіну мукі і крыжа, і там Езус пакажа сваю канчатковую перамогу, перамогу любові.
Дарагія браты і сёстры, час Вялікага посту з’яўляецца спрыяльнай нагодай для ўсіх нас, каб ажыццявіць шлях навяртання, шчыра паразважаць над гэтай старонкай Евангелля. Адновім абяцанні нашага хросту: адмовімся ад сатаны і ад ўсіх яго дзеянняў і спакусаў, таму што ён спакушальнік, каб пайсці па шляху Бога і “ў радасці Святога Духа прыбыць да святаў Пасхі” (Orazione colletta della I Dom. di Quaresima Anno A).
Пасля малітвы Пантыфік нагадаў вернікам пра заклік міжнароднага “Caritas” аб кампаніі супраць голаду ў свеце, а таксама папрасіў малітваў за сябе і супрацоўнікаў Рымскай Курыі, якія прымуць удзел у тыднёвых рэкалекцыях, якія пачнуцца вечарам 9 сакавіка. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|