Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: сваім клопатам пра Езуса святы Юзаф з’яўляецца прыкладам для кожнага выхавацеля
Слова Папы
19.03.2014 14:47

19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, Папа Францішак заклікаў удзельнікаў агульнай аўдыенцыі паглядзець на святога як на прыклад выхавацеля, які абараняў і суправаджаў Езуса на шляху ўзрастання ў трох галоўных вымярэннях: мудрасці, гадах і ласцы.

Папа нагадаў, што Юзаф дапамагаў Езусу ў фізічным і псіхалагічным росце, калі разам з Марыяй імкнуўся забяспечыць Яго ўсім неабходным для здаровага развіцця; бараніў жыццё Езуса, уцякаючы ў Егіпет ад пагрозы, што зыходзіла ад Ірада. “Юзаф навучыў Езуса таксама і сваёй працы; таму, калі Ён стаў дарослым, Яго называлі “сынам цесляра””, - нагадаў Пантыфік. Папа падкрэсліў, што св. Юзаф таксама вучыў Хрыста мудрасці: “Юзаф стаў для Езуса прыкладам і настаўнікам такой мудрасці, якая насычаецца Божым словам”. “Можам падумаць, як святы Юзаф вучыў маленькага Езуса слухаць Божае слова, перш за ўсё, ідучы разам з Ім у суботу ў назарэцкую сінагогу”, - сказаў Папа.

Яшчэ адным важным вымярэннем выхаваўчай дзейнасці св. Юзафа, па словах Пантыфіка, было навучанне Езуса прабыванню ў ласцы. “Было б цяжкай памылкай думаць, што бацька і маці не могуць зрабіць нічога, каб навучыць сваіх дзяцей узрастаць у Божай ласцы”, - заўважыў Папа і падкрэсліў, што выхаванне Езуса ў гадах, мудрасці і ласцы было галоўнай выхаваўчай дзейнасцю абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі.

“Місія святога Юзафа, канешне, унікальная і непаўторная, таму што абсалютна ўнікальным з’яўляецца Езус. Але сваім клопатам пра Езуса, выхоўваючы Яго ў гадах, мудрасці і ласцы, ён з’яўляецца прыкладам для кожнага выхавацеля, асабліва кожнага бацькі (...) Таму давяраю яго абароне ўсіх бацькаў, святароў, які з’яўляюцца айцамі, і тых, хто мае выхаваўчую ролю ў Касцёле і грамадстве”, - сказаў Папа.

Пантыфік звярнуўся да прысутных на плошчы св. Пятра бацькоў з заклікам заўсёды быць блізкімі да сваіх дзяцей, бо яны маюць у гэтым патрэбу. На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа заклікаў моладзь глядзець на святога Юзафа, як на прыклад сціплага і пакорнага жыцця, хворых – несці крыж у цішыні і малітве, а маладых сужэнцаў – будаваць свае сем’і на любові, якая злучала Марыю з Яе абраннікам.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.