Сакрамэнт сужэнства вядзе да самага сэрца Божага плану - Яго плану саюзу са сваім народам, планам адзінства, адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 2 красавіка. Пантыфік прысвяціў апошнюю катэхезу з цыклу аб сямі сакрамэнтах тэме сакрамэнту сужэнства.
Святы Айцец нагадаў, што на заканчэнне біблійнага апавядання пра стварэнне гаворыцца, што Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу, стварыў мужчыну і жанчыну, таму чалавек пакіне бацьку і маці і прылепіцца да жонкі, і яны стануць адным целам (пар. Быц 1, 27; 2, 24). “Вобраз Божы - гэта сужэнская пара, мужчына і жанчына, абое, а не толькі мужчына і не толькі жанчына. Абое! І гэты вобраз Божы, любоў, саюз Бога з намі, прысутны тут, прадстаўлены ў саюзе паміж мужчынам і жанчынай. І гэта цудоўна! Мы створаны, каб любіць, як адлюстраванне Бога і Яго любові”, - сказаў Папа.
Пантыфік патлумачыў, што, калі мужчына і жанчына злучаюцца сакрамэнтам сужэнства, сам Бог адлюстроўваецца ў іх: накладае на іх адбітак уласнай асаблівасці і непарушны характар сваёй любові, таму што сам з’яўляецца адзінствам Трох Асобаў – Айца, Сына і Духа Святога, якія спрадвеку і заўсёды жывуць у дасканалай еднасці. У гэтым таямніца сужэнства – яно чыніць з двух сужэнцаў адно існаванне, якое Біблія называе “адным целам”, адзначыў Пантыфік.
Папа нагадаў, што святы Павел параўноўвае саюз хрысціянскіх сужэнцаў да адносінаў, якія існуюць паміж Хрыстом і Касцёлам, Яго нявестай.
“Сужэнцы, на самой справе, сілай сакрамэнту ўключаюцца ў сапраўдную і ўласную місію, таму што нават простымі і звычайнымі рэчамі могуць зрабіць бачнай любоў, якой Хрыстус любіць Касцёл, працягваючы дарыць жыццё для яго, у вернасці і служэнні”, - сказаў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што Божая задума адносна сакрамэнту сужэнства спаўняецца нават у складаных сітуацыях, якія часта здараюцца ў сужэнскім жыцці, і тут важна захоўваць жывой сувязь з Богам, якая з’яўляецца фундаментам сужэнскай сувязі: “Калі сям’я моліцца, сувязь захоўвацца. Калі муж моліцца за жонку і жонка моліцца за мужа, гэтая сувязь умацоўваецца”.
Пантыфік пагадзіўся, што ў сямейным жыцці часта здараюцца праблемы, звязаныя з дзецьмі, працай ці недахопам грошай, і па гэтай прычыне сужэнцы нярэдка сварацца і часам нават дома “лятаюць талеркі”. Перад абліччам такіх сітуацый Папа чарговы раз параіў ніколі не заканчваць дзень, не памірыўшыся. “Каб памірыцца, не абавязкова звяртацца да ААН, каб прыбыла ў дом і ўсталявала мір! Дастаткова маленькага жэсту, пяшчоты”, - з гумараў параіў Святы Айцец і нагадаў пра тры галоўныя словы, якія павінны абавязкова прысутнічаць у сужэнскім жыцці: “дазволь”, “дзякуй” і “прабач”.
Напрыканцы аўдыенцыі Пантыфік звярнуўся да моладзі, хворых і маладых сужэнцаў. Нагадаўшы, што 2 красавіка Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін св. Францішка з Паолы, пустэльніка, Папа заклікаў вучыцца ў гэтага святога таму, што пакора – гэта сіла, а не слабасць, што трэба нястомна прасіць дапамогі ў Пана, паважаць адно аднаго і аказваць узаемную падтрымку. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|