Падчас агульнай аўдыенцыі 9 красавіка Папа Францішак пачаў новы цыкл катэхез, прысвечаны дарам Духа Святога. Па словах Пантыфіка, Дух Святы – гэта любоў Бога, які робіць з сэрцаў людзей свой дом і ўваходзіць у адзінства з імі.
Як адзначыў Папа, Дух Святы з’яўляецца найвышэйшым Божым дарам, “падарункам Бога”, які перадаецца тым, хто прымае розныя духоўныя дары. Пантыфік нагадаў, што Касцёл вылучае сем дароў Духа Святога, паводле лічбы, якая сімвалізуе поўню і закончанасць, да якіх адносяцца мудрасць, розум, рада, мужнасць, умеласць, пабожнасць і боязь Божая.
Папа засяродзіў увагу на першым дары – мудрасці. “Гаворка не ідзе пра простую чалавечую мудрасць. Не! Чалавечая мудрасць – гэта плён пазнання і досведу. У Бібліі апавядаецца, што Саламон у момант сваёй каранацыі на караля Ізраэля папрасіў аб дары мудрасці. Мудрасць з’яўляецца ласкай здольнасці бачыць усё Божымі вачыма. Менавіта так – бачыць свет, бачыць сітуацыі, здарэнні, праблемы, усё, вачыма Бога. Гэта мудрасць. Часам мы глядзім на рэчы як нам падабаецца або ў залежнасці ад стану нашага сэрца – з любоўю ці гневам, з нянавісцю. Не! Гэта не Божы погляд. Мудрасць - гэта тое, што Дух Святы чыніць у нас, каб мы бачылі ўсё вачыма Бога. Гэта дар мудрасці”, - адзначыў Святы Айцец.
Паводле Пантыфіка, дар мудрасці з’яўляецца плёнам блізкасці з Богам: “Калі прабываем у адзінстве з Панам, Дух Святы нібыта перамяняе наша сэрца і дазваляе прыняць усю Яго цеплыню і прыхільнасць”.
Па словах Папы, менавіта Дух Святы робіць хрысціян мудрымі: гэта не азначае, што Ён дае веданне адказаў на ўсе пытанні, - Дух мудрасці робіць чалавека тым, хто “ведае” Бога, ведае, як дзейнічае Бог, ведае, калі рэчы паходзяць ад Бога, а калі не.
“Сэрца мудрага чалавека ў гэтым сэнсе мае смак і водар Бога. І як жа важна, каб у нашых супольнасцях былі такія хрысціяне. Усё ў іх кажа аб Богу і становіцца цудоўным і жывым знакам Яго прысутнасці і любові. Гэта тое, чаго мы не можам дасягнуць імправізавана, не можам набыць самі з сябе: гэта дар, які Бог дае паслухмяным Яго Духу. Мы маем Духа Святога ўнутры нас, у нашым сэрцы, можам слухаць Яго, а можам і не слухаць. Але калі слухаем Духа Святога, Ён навучае нас шляхам мудрасці, дорыць мудрасць, якая заключаецца ў тым, каб бачыць вачыма Бога, чуць Яго вушамі, любіць сэрцам Бога, судзіць аб усім паводле Бога”, - сказаў Папа.
Пантыфік прывёў некалькі паўсядзённых прыкладаў дзейнасці дару мудрасці: мудра паступае маці, якая спакойна тлумачыць дзіцяці, як трэба сябе паводзіць, замест таго, каб абурацца на яго; мудра паступаюць сужэнцы, якія пасля сваркі ідуць адно аднаму насустрач і аднаўляюць спакой паміж сабой. Такая мудрасць з’яўляецца дарам Духа Святога і аб ёй трэба прасіць у Бога, каб будаваць сем’і і Касцёл, лічыць Святы Айцец.
Напрыканцы аўдыенцыі Папа, адзначыўшы, што працягваецца час Вялікага посту, заклікаў не стамляцца прасіць прабачэння ў Бога праз сакрамэнт пакаяння, злучаць свае пакуты з пакутамі укрыжаванага Хрыста, прабачаць адзін аднаму і аказваць узаемную дапамогу. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|