Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: уваскрасенне Езуса – гэта ўмяшанне Бога Айца там, дзе нішчыцца чалавечая надзея
Слова Папы
16.04.2014 14:09

“На працягу гэтага тыдня было б добра для ўсіх нас глядзець на ўкрыжаванне, цалаваць раны Езуса, цалаваць распяцце”, - з такой парадай звярнуўся да вернікаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 16 красавіка. Пантыфік прысвяціў сваю катэхезу таямніцы прыніжэння і смерці Хрыста, якую Касцёл перажывае ў гэтыя дні.

У першую чаргу Папа нагадаў, што літургія Вялікай серады апавядае пра здраду Юды, які звярнуўся да першасвятароў з прапановай выдаць ім Настаўніка. “Гэты драматычны акт вызначае пачатак мукі Хрыста, балючы шлях, які Ён выбраў у поўнай свабодзе. Аб гэтым ясна кажа Ён сам: “Я аддаю маё жыццё... Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам даю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго”. І гэтай здрадай, пачынаецца шлях прыніжэння і распранання. Езус нібыта знаходзіцца на рынку: “Гэты каштуе 30 сярэбранікаў”. І Ён праходзіць шлях прыніжэння і распранання, аж да канца”, - сказаў Пантыфік.

Канчатковага прыніжэння Хрыстус дасягнуў падчас “крыжовай смерці”, адзначыў Святы Айцец і нагадаў, што такі “найгоршы” спосаб пакарання прызначаўся для рабоў і злачынцаў. “Езуса лічылі прарокам, але памёр Ён як злачынец, - падкрэсліў Пантыфік. - Гледзячы на Езуса падчас мукі, мы як у люстэрку бачым таксама пакуты ўсяго чалавецтва і знаходзім Боскі адказ на таямніцу зла, болі, смерці. Часта нас ахоплівае жах з прычыны зла і болі, якія нас акружаюць і тады мы пытаемся: “Чаму Бог гэта дазваляе?” Нас глыбока раніць бачанне пакутаў і смерці, асабліва нявінных! Бачанне пакутаў дзяцей раніць наша сэрца. Гэта таямніца зла. І Езус бярэ ўсё гэтае зло і пакуты на сябе. На працягу гэтага тыдня было б добра для ўсіх нас глядзець на ўкрыжаванне, цалаваць раны Езуса, цалаваць распяцце. Ён узяў на сябе ўсе чалавечыя пакуты”, - сказаў Папа.

Пантыфік дадаў, што людзі заўсёды чакаюць ад Бога “трыумфальнай перамогі” над несправядлівасцю, злом і грахом, але Ён паказвае іншую перамогу – пакорную, якая ў чалавечых вачах здаецца паразай. “І можам сказаць: Бог перамагае менавіта паразай. Сын Божы, сапраўды, на крыжы падаецца чалавекам пераможаным: пакутуе, перажывае здраду, зневажанне і напрыканцы памірае. Езус дазволіў, каб зло катавала Яго, і ўзяў яго на сябе, каб перамагчы. Яго мука – гэта не выпадковае здарэнне, Яго смерць – гэтая смерць – была “запісана”. Сапраўды, мы не маем шмат тлумачэнняў гэтаму. Гэта таямніца, якая бянтэжыць, таямніца вялікай пакоры Бога”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў той момант, калі ўсё здаецца страчаным, Бог умешваецца з сілай уваскрасення: “Уваскрасенне Езуса – гэта не шчаслівы канец прыгожай казкі. Гэта не “happy end” якога-небудзь фільма, але ўмяшанне Бога Айца там, дзе нішчыцца чалавечая надзея. Момант, калі ўсё здаецца страчаным, момант болю, калі многія людзі адчуваюць нібыта патрэбу сысці з крыжа, самы блізкі да ўваскрасення. Ноч становіцца найбольш цёмнай перад самым світанкам, перад тым, як заззяе святло. І ў самы цёмны момант умешваецца Бог. Уваскрашае”.

Папа нагадаў, што Езус кліча вернікаў ісці за Ім па шляху прыніжэння, і калі ў пэўныя моманты яны не знаходзяць выхаду з цяжкасцяў, адчуваюць, што слабыя і грэшныя, менавіта тады нельга хаваць сваёй паразы, але трэба з даверам адкрыцца Богу, як зрабіў Езус.

На заканчэнне аўдыенцыі Пантыфік заклікаў вернікаў да разважання над коштам адкуплення і пажадаў напоўніць радасцю ўваскрасення свае дамы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.