Папа Францішак: Слова Божае і Эўхарыстыя напаўняюць нас радасцю |
Слова Папы |
04.05.2014 15:59 |
“Слова Божае і Эўхарыстыя напаўняюць нас радасцю. Калі сумны – вазьмі Божае слова. Калі прыгнечаны – вазьмі Божае слова і ідзі на нядзельную святую Імшу, каб прыняць Камунію, каб удзельнічаць у таямніцы Езуса”, - з такім заклікам Папа Францішак звярнуўся да вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра, каб прыняць удзел у малітве “Regina Caeli”, 4 мая. “Евангелле гэтай нядзелі, якая з’яўляецца трэцяй велікоднай, апавядае пра вучняў з Эмауса, – адзначыў Папа. – Яны былі двума вучнямі Езуса, якія пасля Яго смерці і мінання суботы пакінулі Ерузалем і вярталіся, сумныя і прыгнечаныя, у сваю вёску, якая называлася Эмаус. На дарозе ўваскрослы Езус наблізіўся да іх, але яны Яго не пазналі. Убачыўшы іх смутак, Ён напачатку дапамог ім зразумець, што мука і смерць Месіі былі прадугледжаны Божым планам і абвешчаны яшчэ ў Святым Пісанні, і такім чынам зноў запаліў полымя надзеі ў іх сэрцах. У той момант двое вучняў адчулі незвычайнае захапленне гэтым таямнічым чалавекам і запрасілі Яго застацца з імі на вячэру. Езус пагадзіўся і ўвайшоў у іх дом. І калі сядзеў з імі за сталом, благаславіў хлеб і паламаў яго. Тады яны Яго пазналі, але Ён стаў нябачным для іх, пакінуўшы іх поўнымі здзіўлення. Пасля таго, як былі асветлены словам, пазналі ўваскрослага Езуса ў ламанні хлеба – новым знаку Яго прысутнасці. Адразу ж адчулі патрэбу вярнуцца ў Ерузалем, каб падзяліцца з іншымі вучнямі сваім досведам, тым, што сустрэлі жывога Езуса і пазналі Яго ў гэтым жэсце ламання хлеба. (AG) |