Прасіць у Бога аб дары рады заклікаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 7 мая. Гэтаму дару Святога Духа Пантыфік прысвяціў сваю катэхезу.
“Мы ведаем, наколькі важна, асабліва ў самыя далікатныя моманты, мець магчымасць разлічваць на парады людзей мудрых і любячых нас. Праз дар рады сам Бог са сваім Духам асвятляе наша сэрца і, такім чынам, дазваляе выбраць адпаведны спосаб прамаўляць і весці сябе, а таксама вызначыць шлях, па якім ісці”, - сказаў Папа.
Паводле Пантыфіка, у момант, калі чалавек прымае Святога Духа, Ён адразу прыцягвае ўвагу да свайго голасу і набліжае чалавечыя думкі, пачуцці і інтэнцыі да Божага ўяўлення. “У той жа час Святы Дух пастаянна падштурхоўвае кіраваць унутраны позірк на Езуса, як на прыклад для нашага спосабу дзеянняў і адносінаў з Богам Айцом і братамі. Рада – гэта дар, якім Святы Дух чыніць наша сумленне здольным рабіць канкрэтныя выбары ў адзінстве з Богам, паводле логікі Езуса і Яго Евангелля. Такім чынам, Дух дазваляе нам расці ўнутрана, пазітыўна, у адзінстве, і дапамагае не скаціцца да эгаізму”, - адзначыў Папа.
Па словах Святога Айца, адкрыць каштоўнасць дару рады магчыма ў першую чаргу праз малітву. Папа заклікаў выкарыстоўваць любыя магчымасці для таго, каб размаўляць з Богам, напрыклад, весці ўнутраны дыялог з Ім у сэрцы, ідучы па вуліцы ці знаходзячыся ў транспарце.
“Праз блізкасць з Богам і слуханне Яго слова паступова адставім у бок нашу асабістую логіку, якая кіруецца закрытасцю, забабонамі і амбіцыямі, і навучымся пытацца ў Пана: чаго Ты жадаеш? Прасіць парады ў Пана ў малітве. Такім чынам у нас будзе сталець глыбокае сугучча, амаль натуральнае, са Святым Духам, і мы пераканаемся, наколькі праўдзівымі з’яўляюцца словы Езуса, перададзеныя ў Евангеллі паводле Мацвея: “Не турбуйцеся, як або што казаць, бо дадзена будзе вам у тую гадзіну, што сказаць. Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас”, - адзначыў Святы Айцец.
Папа падкрэсліў, што дар рады з’яўляецца скарбам для ўсёй хрысціянскай супольнасці, таму што Бог прамаўляе не толькі ў сэрцы, але таксама “праз голас і сведчанне братоў”. “Сапраўды, вялікім дарам з’яўляецца сустрэча з людзьмі веры, якія асабліва ў самыя складаныя і важныя моманты нашага жыцця дапамагаюць асвятліць наша сэрца і пазнаць волю Пана”, - сказаў Пантыфік.
Папа падзяліўся гісторыяй, якая з ім здарылася ў марыйным санктуарыі ў Лухан недалёка ад Буэнас-Айрэса. Падчас споведзі да яго падышоў малады чалавек, сітуацыя якога была “вельмі сур’ёзнай”, які прызнаўся, што прыйшоў у санктуарый, паслухаўшы параду сваёй маці, якая рэкамендавала звярнуцца за дапамогай да Панны Марыі. Хлопец сказаў: “Я паглядзеў на Маці Божую і пачуў, што павінен рабіць так, так і так”. “Гэта дар рады”, - заключыў Папа і заклікаў прасіць аб ім у Бога.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік прывітаў сем’і швейцарскіх гвардзейцаў, якія 6 мая склалі прысягу на вернасць Святому Айцу, а таксама пілігрымаў з Польшчы, якім нагадаў, што ў 2016 г. плануе наведаць іх радзіму ў рамках Сусветнага дня моладзі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|