Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ў нядзелю Добрага Пастыра: Турбуйце святароў, каб мы далі вам малако ласкі, дактрыны і кіраўніцтва
Слова Папы
12.05.2014 12:08

Пра Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях нагадаў Папа Францішак у разважанні перад малітвай “Regina caeli” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане 11 мая. Па словах Пантыфіка, “кожнае пакліканне заўсёды патрабуе, каб выйсці з-за сябе самога, каб засяродзіць сваё жыццё на Хрысце і Яго Евангеллі”.

“У гэтую чацвёртую велікодную нядзелю евангеліст Ян паказвае нам вобраз Езуса Добрага Пастыра, - адзначыў Папа. - Разважаючы над гэтым урыўкам з Евангелля, мы можам лепш зразумець тыя адносіны, якія Езус меў са сваімі вучнямі: адносіны, якія былі заснаваны на пяшчотнасці, любові, узаемаразуменні і на абяцанні, што яны атрымаюць непамерны дар: “Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку” (Ян 10, 10). Такія адносіны – гэта прыклад адносін паміж хрысціянамі, адносін паміж людзьмі.

Шматлікія людзі сёння, як і ў часы Езуса, прапаноўваюць сябе ў якасці “пастыраў” нашага жыцця; але толькі Уваксрослы Хрыстус з’яўляецца сапраўдным Пастырам, які дае нам жыццё ў дастатку. Я заклікаю ўсіх верыць у Пана, які кіруе намі. Не толькі кіруе намі, але суправаджае нас, ідзе разам з намі. Будзем слухаць з адкрытым розумам і сэрцам Яго Слова, каб умацоўваць нашу веру, асвятляць нашае сумленне і прытрымлівацца навучання Евангелля.

У гэтую нядзелю мы молімся за пастыраў Касцёла, за ўсіх біскупаў, у тым ліку за Біскупа Рыма, і за ўсіх святароў. Асабліва памолімся за новых святароў Рымскай дыяцэзіі, якім я ўдзяліў у базыліцы Святога Пятра прэзбітэрскае пасвячэнне. (...) Няхай Пан дапаможа нам, святарам, быць заўсёды вернымі Настаўніку і мудра кіраваць Божым народам, які нам даручаны. Таксама і вас, тут прысутных, прашу дапамагаць нам: дапамагаць нам быць добрымі пастырамі. Аднойчы я прачытаў вельмі прыгожае апавяданне, як Божы народ дапамагаў біскупу і святарам быць добрымі пастырамі. Напісаў гэта святы Цэзарыё з Арлес, святар першых стагоддзяў Касцёла. Ён патлумачыў, як Божы народ павінен дапамагаць пастыру, і распавёў наступны эпізод: калі цяля галоднае ідзе да каровы, да маці, і бярэ ад яе малако. Але карова не дае яму адразу: здаецца, што хоча яго захаваць для сябе. І што робіць цяля? Сваім носам пхаецца да вымя каровы, каб атрымаць малако. Якая прыгожая выява. “Так і вы, - кажа гэты святы, - павінны паводзіць сябе з пастырамі: заўсёды стукаць у іх дзверы, да іх сэрца, каб далі вам малако дактрыны, малако ласкі і малако кіравання”. І я вас прашу: турбуйце святароў, усіх нас, святароў, каб мы далі вам малако ласкі, дактрыны і кіраўніцтва. Турбуйце! Думайце пра гэтую прыгожую выяву з цялём, якое турбуе сваю маці, каб дала яму есці.

У гэтую нядзелю адзначаецца Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях. У пасланні на гэты дзень я нагадаў, што “кожнае пакліканне заўсёды патрабуе, каб выйсці з-за сябе самога, каб засяродзіць сваё жыццё на Хрысце і Яго Евангеллі”. Таму пакліканне, каб ісці за Езусам, з’яўляецца адначасова цікавым і стымулюючым. Каб яно рэалізавалася, заўсёды неабходна ўваходзіць у глыбокае сяброўства з Панам, каб жыць для Яго і з Ім.

Памолімся, каб таксама і ў наш час шматлікія маладыя людзі пачулі голас Пана, які заўсёды падвяргаецца рызыцы быць задушаным шматлікімі іншымі галасамі. Памолімся за маладых людзей, магчыма, хтосьці з іх, прысутны на плошчы св. Пятра, пачуе гэты голас Пана, які кліча яго да святарства: памолімся за яго, калі ён тут, і за ўсіх маладых людзей, якія былі ўжо пакліканы”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.