Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Канфлікты ў Касцёле вырашаюцца праз абмеркаванне, дыскусію і малітву
Слова Папы
18.05.2014 16:16

Адзінству ўнутры хрысціянскай супольнасці прысвяціў разважанні перад малітвай “Regina Coeli” 18 мая Папа Францішак. Словы Святога Айца гучалі асабліва сімвалічна ў кантэксце яго сустрэчы з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем, якая адбудзецца ў рамках візіту Пантыфіка ў Святую Зямлю, што пачнецца на наступным тыдні.

“Сёння чытанне з Кнігі Дзеяў Апосталаў гаворыць нам, што нават у раннім Касцёле ўзнікалі першыя напружанасць і рознагалоссі, - адзначыў Папа. - У жыцці ёсць канфлікты, праблема ў тым, як да іх падыходзіць. Да гэтага часу адзінству хрысціянскай супольнасці спрыяла прыналежнасць да адной этнічнай групы і культуры – яўрэйскай. Але, калі хрысціянства, якое па волі Езуса існуе для ўсіх народаў, адкрываецца на культуру грэчаскую, гэтая аднастайнасць губляецца і ўзнікаюць першыя цяжкасці. Вятры незадаволенасці, з’яўляюцца скаргі, чуткі аб фаварытызме і няроўнасці, што адбываецца часам і ў нашых парафіях. У дапамозе з боку супольнасці асобам, якія жывуць у нястачы – удовам, сіротам і наогул бедным, – здаецца, хрысціяне яўрэйскага паходжання маюць прывілеі.

Апосталы, перад абліччам гэтых канфліктаў, узялі сітуацыю ў свае рукі. Яны збіраюць пашыранае пасяджэнне вучняў і абмяркоўваюць гэтае пытанне разам. Усе разам! Праблемы не вырашаюцца праз выгляд, што іх не існуе! І гэта цудоўна, што ёсць гэтая дыскусія паміж пастырамі і вернікамі. Такім чынам, яны прыходзяць да падзелу адказнасці. Апосталы робяць прапанову, якая прымаецца ўсімі: яны прысвецяць сябе малітве і служэнню Слову, а сем чалавек, дыяканы, забяспечаць абслугоўванне сталовых для бедных. Гэтыя сем выбраны не таму, што з’яўляюцца экспертамі ў дадзенай справе, але таму, што яны сумленныя людзі з добрай рэпутацыяй, поўныя Святога Духа і мудрасці. Яны ўстаноўлены на сваё служэнне праз ускладанне рук апосталаў.

І так знаходзіцца выйсце з гэтай незадаволенасці, скаргаў, чутак аб фаварытызме і няроўнасці. Абмяркоўваючы, дыскутуючы і молячыся, вырашаюцца канфлікты ў Касцёле. Абмяркоўваючы, дыскутуючы і молячыся! З упэўненасцю, што плёткі, зайздрасць, рэўнасць ніколі не могуць прывесці да згоды, гармоніі і спакою. Там быў таксама Святы Дух, які каранаваў гэта пагадненне. І гэта можна зразумець толькі тады, калі мы дазволім Святому Духу весці нас. Ён прывядзе нас да гармоніі, адзінства і павагі да розных дароў і талентаў. Вы разумееце гэта? Без плётак, зайздрасці і рэўнасці!

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам быць паслухмянымі Святому Духу, каб мы з павагай ставіліся адзін да аднаго і ўсё больш і больш паглыблялі веру і любоў, захоўваючы сэрца адкрытым для патрэб братоў”, - сказаў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Пантыфік заклікаў памятаць пра ахвяр паводкі, якая спустошыла значную частку Балкан, асабліва ў Сербіі і Босніі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.