Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Дар умеласці вядзе да пазнання велічы і любові Бога
Слова Папы
21.05.2014 13:51

Дару ўмеласці прысвяціў Папа Францішак катэхезу з цыклу аб дарах Святога Духа на агульнай аўдыенцыі 21 мая. Пантыфік адзначыў, што звычайна пад умеласцю маецца на ўвазе “здольнасць чалавека лепш пазнаваць рэчаіснасць, якая яго акружае, і адкрываць законы, якія кіруюць прыродай і сусветам”, аднак “умеласць, якая паходзіць ад Святога Духа, не абмяжоўваецца чалавечым пазнаннем – гэта асаблівы дар, які вядзе нас да пазнання праз прыроду велічы і любові Бога і Яго глыбокіх адносін з кожным стварэннем”.

Паводле Папы, калі чалавечыя вочы асветленыя Святым Духам, яны адкрываюцца на сузіранне Бога ў “прыгажосці прыроды і грандыёзнасці сусвету” і адкрыцця таго, што ўсе рэчы кажуць пра Яго і Ягоную любоў. “Усё гэта нараджае ў нас вялікае захапленне і глыбокае пачуццё ўдзячнасці! Мы адчуваем сябе так, калі захапляемся творамі мастацтва або цудам, які з’яўляецца плёнам геніяльнасці і крэатыўнасці чалавека. Перад абліччам усяго гэтага Дух вядзе нас да праслаўлення Пана з глыбіні нашага сэрца і прызнання ва ўсім, што маем і чым з’яўляемся, незаменнага Божага дару і знаку Яго бясконцай любові да нас”, - адзначыў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што на першых старонках Бібліі відавочнае захапленне, якое Бог меў ад свайго стварэння. “Але, калі Бог бачыў стварэнне добрым і прыгожым, таксама і мы павінны ісці гэтым шляхам”, - сказаў Папа і падкрэсліў, што менавіта гэтаму дапамагае дар умеласці. “Дар умеласці ўстанаўлівае глыбокае сугучча паміж намі і Стварыцелем і дазваляе раздзяліць яснасць Яго позірку і Яго суджэння. І ў такой перспектыве мы становімся здольнымі ўбачыць у чалавеку вяршыню стварэння, спаўненне плану любові, які выражаецца ў кожным з нас і дазваляе бачыць адно ў адным братоў і сясцёр”, адзначыў Святы Айцец.

Усё гэта, паводле Папы, робіць з хрысціяніна радаснага сведку Бога, на падабенства св. Францішка Асізскага і многіх іншых святых, якія былі здольнымі праслаўляць Божую любоў праз сузіранне стварэння. Пантыфік падкрэсліў, што дар умеласці дапамагае не сысці да злоўжыванняў і памылковых паводзінаў, такіх, як безадказнае панаванне над прыродай або пошук выключна ў ёй адказаў на самыя глыбокія чаканні. Асаблівую ўвагу Святы Айцец звярнуў на абавязак клопату пра прыроду. “Калі мы злоўжываем стварэннем, мы знішчаем знак Божай любові”, - падкрэсліў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што 24 мая адбудзецца беатыфікацыя італьянскага святара з Папскага інстытута замежных місій кс. Марыё Вергара і свецкага верніка катэхета Ісідора Нгея Ко Лата з М’янмы, якія былі забіты ў 1950 г. у гэтай азіяцай краіне ў часы антыкаталіцкага пераследу. Папа пажадаў, каб іх гераічная вернасць Хрысту была натхненнем і прыкладам для сённяшніх місіянераў і катэхетаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.