Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Мы пакліканы любіць адзін аднаго, як Езус палюбіў нас
Слова Папы
15.06.2014 17:37

“Гэта супярэчнасць – хрысціяне, якія ненавідзяць адзін аднаго. Да гэтага заўсёды імкнецца д’ябал, каб прымусіць нас ненавідзець, таму што ён заўсёды сее куколь нянавісці”, - звярнуў увагу Папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” 15 чэрвеня.

“Сёння мы адзначаем урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, што дае нам магчымасць да разважання і адарацыі з любоўю Боскага жыцця Айца, Сына і Духа Святога – жыцця глыбокай камуніі і дасканалай любові, якая з’яўляецца крыніцай і мэтай Сусвету і ўсяго тварэння, - нагадаў Папа. - У Найсвяцейшай Тройцы мы бачым узор Касцёла. Мы ў ім пакліканы любіць адзін аднаго, як Езус палюбіў нас. Гэтая любоў з’яўляецца канкрэтнай прыкметай веры ў Бога Айца, Сына і Духа Святога. Гэтая любоў адрознівае хрысціяніна, як Езус сказаў нам: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13, 35). Гэта супярэчнасць – хрысціяне, якія ненавідзяць адзін аднаго. Гэта супярэчнасць! Да гэтага заўсёды імкнецца д’ябал, каб прымусіць нас ненавідзець, таму што ён заўсёды сее куколь нянавісці. Ён не ведае любові – любові Божай!

Мы ўсе пакліканы сведчыць і абвяшчаць пасланне, што “Бог ёсць любоў”, што Бог не далёкі або абыякавы да нашых чалавечых спраў. Ён блізкі да нас, заўсёды побач з намі, ідзе разам з намі, каб падзяляць нашы радасці і нягоды, нашы надзеі і цяжкасці. Ён любіць нас так моцна, што стаў чалавекам, прыйшоў у свет не для таго, каб судзіць, але каб свет быў збаўлены праз Езуса (пар. Ян 3, 16-17). І гэта ёсць Божая любоў у Езусе. Гэта любоў, якую так цяжка зразумець, але якую мы адчуваем, калі становімся бліжэй да Езуса. Ён даруе нам заўсёды, Ён заўсёды чакае нас, Ён любіць нас моцна! І любоў Езуса, якую мы адчуваем, - гэта любоў Божая!

Святы Дух, дар Уваскрослага Езуса, дае нам Божае жыццё і такім чынам дазваляе нам увайсці ў дынамізм Найсвяцейшай Тройцы, які з’яўляецца дынамізмам любові, камуніі, узаемнага служэння, абмену. Чалавек, які любіць іншых для самой радасці любові, з’яўляецца адлюстраваннем Найсвяцейшай Тройцы. Сям’я, у якой ёсць узаемная любоў і ўзаемадапамога, з’яўляецца адлюстраваннем Найсвяцейшай Тройцы. Парафія, дзе існуе ўзаемная любоў і абмен духоўнымі і матэрыяльнымі дарамі, з’яўляецца адлюстраваннем Найсвяцейшай Тройцы.

Сапраўдная любоў не мае межаў, але можа абмяжоўваць сябе, каб выйсці насустрач іншаму, каб з павагай паставіцца да свабоды іншага. Кожную нядзелю мы ідзём на святую Імшу, цэлебруем разам Эўхарыстыю, якая як “палаючы куст”, у якім пакорна жыве і дорыць сябе Найсвяцейшая Тройца. Вось чаму Касцёл змясціў урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. У наступны чацвер, у адпаведнасці з рымскай традыцыяй, мы адправім святую Імшу ў базыліцы св. Яна на Латэране, а затым пройдзем у працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Запрашаю рымлян і пілігрымаў прыняць у ёй удзел, каб выказаць наша жаданне быць народам, “сабраным у адзінстве Айца і Сына, і Духа Святога” (св. Кіпрыян).

Няхай Дзева Марыя, дасканалае тварэнне Найсвяцейшай Тройцы, дапаможа нам скласці з усяго нашага жыцця, у маленькіх жэстах і самых важных выбарах, гімн хвалы Богу-Любові”.

Пасля малітвы Папа падзякаваў хатнім работніцам і няням, “якія прыязджаюць з розных куткоў свету і аказваюць каштоўную паслугу для сем’яў”, асабліва ў апецы над пажылымі людзьмі і інвалідамі. “Як часта мы не цэнім вялікай і цудоўнай працы, якую яны выконваюць у сем’ях. Дзякуй, Вам!” - сказаў Пантыфік.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.