“Дзякуючы Езусу і Яго Святому Духу таксама нашае жыццё становіцца “ламаным хлебам” для нашых братоў. Так жывучы, мы адкрываем сапраўдную радасць. Радасць станавіцца падарункам, каб абмяняцца вялікім дарам, які мы атрымалі першымі, без нашых заслуг”, - адзначыў Папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” 22 чэрвеня.
“Дарагія браты і сёстры, добры дзень! У Італіі і ў многіх іншых краінах у гэтую нядзелю адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Часта прымяняецца лацінская назва “Corpus Domini” ці “Corpus Christi”. Касцёльная супольнасць збіраецца вакол Эўхарыстыі, каб аддаць пашану самаму каштоўнаму скарбу, які пакінуў нам Езус. Святое Евангелле паводле Яна ўзгадвае прамову аб “хлебе жыцця”, якую Езус прамовіў у сінагозе ў Кафарнауме, у якой сказаў: “Я – хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта Цела Маё дзеля жыцця свету” ( Ян 6, 51). Езус падкрэслівае, што не прыйшоў у гэты свет, каб даць “штосьці”, але каб даць сябе самога, сваё жыццё, як пасілак для тых, хто верыць у Яго. Гэтае нашае аб’яднанне з Панам заклікае нас, Яго вучняў, каб наследаваць Яго, робячы з нашага жыцця “ламаны хлеб” для іншых, так, як Настаўнік паламаў хлеб, які з’яўляецца Яго целам.
Кожны раз, калі мы прымаем удзел у святой Імшы і сілкуемся Целам Хрыста, дзейнічае ў нас прысутнасць Езуса і Святога Духа, яна фарміруе нашае сэрца і перадае нам такія ўнутраныя стаўленні, якія праходзяць паводле святога Евангелля. Гэта, перш за ўсё, паслухмянасць Божаму слову, затым братэрства паміж намі, мужнасць хрысціянскага сведчання, фантазія міласэрнасці, здольнасць даваць надзею засмучаным, прымаць адкінутых. Такім чынам Эўхарыстыя спрыяе спеласці хрысціянскага ладу жыцця. Любоў Хрыста, прынятая з адкрытым сэрцам, нас перамяняе, пераўтварае нас, робіць нас здольнымі любіць не паводле чалавечай меры, якая заўсёды абмежаваная, але паводле меры Божай, гэта значыць без меры. Тады менавіта мы становімся здольнымі любіць нават тых, хто нас не любіць. Гэта нялёгка - любіць тых, хто нас не любіць. Калі мы ведаем, што хтосьці не жадае нам дабра, таксама і ў нас узнікае жаданне не жадаць яму добра. Але мы павінны любіць таксама і тых, хто нас не любіць. Супрацьстаяць злу дабром, быць здольнымі да прабачэння, да дзялення, да гасціннасці. Дзякуючы Езусу і Яго Святому Духу таксама нашае жыццё становіцца “ламаным хлебам” для нашых братоў. Так жывучы, мы адкрываем сапраўдную радасць. Радасць станавіцца падарункам, каб абмяняцца вялікім дарам, які мы атрымалі першымі, без нашых заслуг.
Езус, Хлеб вечнага жыцця, сышоў з неба і стаў целам дзякуючы веры Найсвяцейшай Панны Марыі. Спачатку Яна насіла Яго ў сабе з невыказнай любоўю, затым ішла за Ім верна аж да Крыжа і Яго Уваскрасення. Папросім Багародзіцу, каб дапамагала нам адкрыць нанова прыгажосць Эўхарыстыі і зрабіць яе цэнтрам нашага жыцця, асабліва падчас нядзельных святых Імшаў і ў адарацыі”, - сказаў Пантыфік.
Пасля малітвы Папа нагадаў, што 26 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў, які быў устаноўлены ААН. З гэтай нагоды Пантыфік рашуча асудзіў кожную форму катаванняў і падкрэсліў, што іх прымяненне з’яўляецца смяротным грахом. Святы Айцец заклікаў хрысціян уключыцца ў супрацоўніцтва на карысць іх адмены, выказаў падтрымку ахвярам катаванняў і іх сем’ям.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|