“Атрымаўшы падтрымку і суцяшэнне Хрыста, мы пакліканы са свайго боку стаць падтрымкай і суцяшэннем для братоў праз лагоднае і пакорнае стаўленне да іх, наследуючы Настаўніка”, - сказаў Папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” 6 ліпеня на плошчы св. Пятра.
“У Евангеллі сённяшняй нядзелі мы знаходзім запрашэнне Езуса: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28), - нагадаў Папа. - Калі Езус кажа гэта, мае перад вачыма людзей, якіх сустракае кожны дзень на дарогах Галілеі: шмат простых асоб, бедных, хворых, грэшнікаў, якія знаходзяцца на перыферыі грамадства. Гэтыя людзі заўсёды ішлі за Ім, каб слухаць Яго слова. Слова, якое дае надзею! Словы Езуса заўсёды даюць надзею! А таксама, каб толькі дакрануцца да краю Яго адзення. Сам Езус шукаў гэты натоўп змучаных і пакінутых, як авечкі, якія не маюць пастыра (пар. Мц 9, 35-36), каб абвяшчаць Божае Валадарства і лячыць душу і цела. Цяпер Ён настойліва кліча іх усіх да сябе: “Прыйдзіце да Мяне”, і абяцае ім палёгку і суцяшэнне.
Гэтае запрашэнне Езуса пашыраецца да нашых дзён, каб дасягнуць вялікай колькасці братоў і сясцёр, прыгнечаных нявызначанымі ўмовамі жыцця, цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі, а часам пазбаўленых моцных кропак апоры. У самых бедных краінах, але і на перыферыі самых багатых краін, ёсць шмат людзей, змучаных і стомленых невыносным прыгнётам пагарды і абыякавасці. Абыякавасць – колькі зла прычыняе патрабуючым чалавечая абыякавасць. І што яшчэ горш – абыякавасць хрысціян! На задворках грамадства знаходзіцца шмат людзей, якія пакутуюць ад галечы, але і ад незадаволенасці жыццём і расчаравання. Многія з іх вымушаны эміграваць з радзімы, рызыкуючы сваім жыццём. Значна больш штодзённа нясе на сабе цяжар эканамічнай сістэмы, якая выкарыстоўвае чалавека, навязвае яму невыноснае “ярмо”, якое многія прывілеяваныя не жадаюць несці. Кожнаму з гэтых сыноў нябеснага Айца Езус кажа: “Прыйдзіце да Мяне ўсе”. Аднак Ён кажа гэта таксама да тых, хто мае ўсё, але чыё сэрца пустое, без Бога. І да іх Езус накіроўвае гэтае запрашэнне: “Прыйдзіце да Мяне ўсе”. Запрашэнне Езуса скіравана да ўсіх, але асабліва да найбольш пакутуючых.
Езус абяцае, што дасць суцяшэнне ўсім, але заахвочвае нас, прамаўляючы нібыта запаведзь: “Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам” (Мц 11, 29). “Ярмо” Пана прадугледжвае прыняцце на сябе з братэрскай любоўю цяжару бліжніх. Атрымаўшы падтрымку і суцяшэнне Хрыста, мы пакліканы са свайго боку стаць падтрымкай і суцяшэннем для братоў праз лагоднае і пакорнае стаўленне да іх, наследуючы Настаўніка. Лагоднасць і пакора сэрца дапамагаюць нам не толькі ўзяць на сябе цяжар іншых, але і не абцяжарваць іх нашымі асабістымі поглядамі, стаўленнем і крытыкай або абыякавасцю.
Будзем заклікаць Дзеву Марыю прыняць пад свой плашч усіх стомленых і спакутаваных, каб мы праз веру, асвячаную і засведчаную ў жыцці, маглі стаць палёгкай для ўсіх тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, пяшчоце і надзеі”.
Пасля малітвы Папа Францішак падзякаваў жыхарам італьянскага рэгіёна Малізэ, дзе правёў мінулую суботу, за цёплы прыём, які, па словах Пантыфіка, ён ніколі не забудзе.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|