Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Станавіцца плённай зямлёй для Божага слова»
Слова Папы
14.07.2014 15:25

“Мы з’яўляемся зямлёй, на якую Пан нястомна кідае зерне свайго Слова і сваю любоў. З якім стаўленнем мы яго прымаем?” – гэта казаў Папа Францішак у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 13 ліпеня 2014 г.

“Дарагія браты і сёстры, добры дзень, – прывітаў Папа вернікаў, прысутных на плошчы св. Пятра. - Евангелле гэтай нядзелі (Мц 13, 1-23) паказвае нам Езуса, які навучае на беразе Галілейскага возера, і таму, што акружае Яго вялікі натоўп, Ён уваходзіць у човен і крыху аддаляецца ад берага, каб адтуль ім прапаведваць. Езус, калі звяртаецца да народу, паслугоўваецца моваю, якая зразумелая для ўсіх, выкарыстоўваючы выявы, узятыя з прыроды і са штодзённых сітуацый жыцця.

Першая, якую Ён расказвае, з’яўляецца ўступам да ўсіх іншых: гэта прыпавесць пра сейбіта, які шчодра кідае сваё зерне на кожны тып зямлі. Сапраўдным героем гэтай прыпавесці з’яўляецца менавіта зерне, якое прыносіць меншы ці большы плён, у залежнасці ад зямлі, на якую ўпадае. Першыя тры месцы зямлі былі непрадуктыўнымі: на дарозе зерне падзяўблі птушкі; на камяністым месцы яно засохла, таму што не мела каранёў; тое, што ўпала сярод кустоў, было заглушана цернямі. Чацвёртая зямля з’яўляецца добрай, і там зярняты пусцілі карані і прынеслі плён.

У гэтым выпадку Езус не абмежаваўся толькі распавяданнем прыпавесці, але таксама патлумачыў яе сваім вучням. Зерне, якое ўпала пры дарозе, паказвае тых, хто слухае аб’яўленне пра Божае Валадарства, але не прымае яго; тады прыходзіць злы і крадзе яго. Д’ябал не хоча, каб зерне Евангелля пусціла парастак у сэрцах людзей. Гэта першае параўнанне. Другое гаворыць пра зерне, якое ўпала на камяністае месца: яно прадстаўляе тых, хто слухае Слова Божае і адразу прымае яго, але павярхоўна, таму што яны не маюць у сабе кораня і нясталыя. І калі за слова настане ўціск ці пераслед, яны адразу спакушаюцца. У трэцім выпадку гэтае зерне падае ў церне: Езус тлумачыць, што гэта тычыцца тых людзей, якія слухаюць слова, але турботы гэтага веку і зман багацця заглушаюць слова. Нарэшце, зерне, пасеянае на плённай зямлі, прадстаўляе тых, хто слухае слова, прымае яго, захоўвае і разумее, і яно прыносіць плён. Дасканалым узорам гэтай зямлі з’яўляецца Панна Марыя.

Гэтая прыпавесць прамаўляе сёння да кожнага з нас, так, як прамаўляла да слухачоў Езуса дзве тысячы гадоў таму. Яна нагадвае нам, што мы з’яўляемся зямлёй, на якую Пан нястомна кідае зерне свайго Слова і сваю любоў. З якім стаўленнем мы яго прымаем? Мы павінны задаць сабе пытанні: якім з’яўляецца наша сэрца? Якую зямлю яно нагадвае: падобнае да той, што пры дарозе, камяністае месца або куст? Гэта залежыць ад нас саміх, каб мы станавіліся плённай зямлёй, без церняў ці каменняў, якую мы рупліва культывуем, каб змагла прынесці добрыя плёны для нас і нашых братоў.

Мы не павінны забываць, што таксама і мы з’яўляемся сейбітамі. Бог сее добрае зерне, і тут таксама мы можам задаць сабе пытанне: якога роду зерне выходзіць з нашага сэрца і нашых вуснаў? Нашы словы могуць зрабіць шмат дабра, але таксама і шмат зла. Могуць аздараўляць, але могуць і раніць; могуць заахвочваць і могуць прыгнятаць. Памятайце: важнае не тое, што ўваходзіць, але тое, што выходзіць з вуснаў і з сэрца.

Няхай Панна Марыя навучыць нас сваім прыкладам слухаць Слова Божае, захоўваць яго, каб прыносіла плён у нас і ў іншых”.

Пасля малітвы Папа Францішак узгадаў, што ў гэты дзень у Італіі адзначаецца “Марская нядзеля“. Пантыфік прывітаў усіх маракоў, рыбакоў і іх сем’і і заклікаў хрысціянскія супольнасці быць уважлівымі і чулымі на іх патрэбы, а капеланаў і валанцёраў з “Апостальства мора” - надалей працягваць душпастырскую працу сярод гэтых братоў і сясцёр. На заканчэнне Папа пажадаў усім вернікам добрай нядзелі і добрага абеду.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.