Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Бог глядзіць на “поле” жыцця кожнага чалавека з цярплівасцю і міласэрнасцю»
Слова Папы
21.07.2014 12:27

«Бог глядзіць на “поле” жыцця кожнага чалавека з цярплівасцю і міласэрнасцю. Ён бачыць нашмат лепш нашы бруд і зло. Але бачыць таксама і насенне дабра і чакае з надзеяй, што яно ўзрасце», - адзначыў Папа Францішак 20 ліпеня 2014 г. у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра.

“У апошнія нядзелі літургія прапануе некаторыя евангельскія прыпавесці, кароткія апавяданні, якія Езус выкарыстоўваў, каб абвяшчаць Валадарства нябеснае, - нагадаў Папа. - Сярод прыпавесцяў у сённяшнім Евангеллі ёсць даволі складаная, не зразумелая з самага пачатку. У ёй Езус тлумачыць сваім вучням, што вобраз добрай пшаніцы і каласоўніка паказвае праблему зла ў свеце і падкрэслівае цярплівасць Бога (пар. Мц 13,24-30.36-43). Сцэна адбываецца на полі, дзе гаспадар пасеяў пшаніцу. Але аднойчы ноччу вораг прыходзіць і сее каласоўнік - тэрмін, які на габрэйскай мае той жа корань, што і слова “сатана” і спасылаецца на паняцце падзелу. Мы ўсе ведаем, што д’ябал з’яўляецца сейбітам каласоўніка: заўсёды імкнецца падзяліць людзей, сем’і, нацыі і народы. Слугі маглі хутка вырваць пустазелле, але гаспадар спыняе іх, гаворачы: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы” (Мц 13, 29). Таму што мы ўсе ведаем, што каласоўнік, калі вырастае, вельмі падобны да добрага збожжа; таму існуе небяспека пераблытаць іх.

Вучэнне прыпавесці дваякае. Перш за ўсё, яна кажа, што зло ў свеце паходзіць не ад Бога, а ад ворага, д’ябла. І цікава, што ён робіць гэта ноччу: сее каласоўнік у цемры, у мітусні. Там, дзе няма святла, ён ідзе і сее пустазелле. Гэты вораг хітры: ён сее зло пасярод дабра. Таму нам, людзям, немагчыма аддзяліць адно ад другога. Але ў канцы гэта зробіць Бог. Ён абярэ час.

І тут мы падыходзім да другой тэмы: кантрасту паміж нецярпеннем слуг і цярплівым чаканнем гаспадара поля, які ўяўляе сабой Бога. Мы часам ў спешцы маем жаданне судзіць, класіфікаваць, падзяляць на добрых і дрэнных. Але вы памятаеце малітву чалавека гонарлівага: “Я дзякую табе, Пане, таму што я добры і не такі як гэты, які такі дрэнны”? Памятаеце гэта? Але Бог ведае, як чакаць. Ён глядзіць на “поле” жыцця кожнага чалавека з цярплівасцю і міласэрнасцю. Ён бачыць нашмат лепш нашы бруд і зло. Але бачыць таксама і насенне дабра і чакае з надзеяй, што яно ўзрасце. Бог цярплівы, Ён чакае. Як гэта цудоўна: наш Бог – гэта цярплівы Айцец, які заўсёды чакае нас, каб сардэчна вітаць і дараваць нам! Ён заўсёды нас прабачае, калі ідзём да Яго.

Пастава гаспадара – гэта надзея, заснаваная на ўпэўненасці, што зло не мае ні першага, ні апошняга слова. Больш за тое: менавіта дзякуючы гэтаму даверліваму чаканню Бога гэты каласоўнік, дрэннае сэрца, з такой колькасцю грахоў, у рэшце рэшт можа стаць добрай пшаніцай. Але ўвага! Евангельская цярплівасць – гэта не абыякавасць да зла. Нельга блытаць паміж дабром і злом! Перад абліччам пустазелля, прысутнага ў свеце, вучань Пана закліканы наследаваць цярплівасць Бога, сілкуючы сваю надзею непахіснай верай у канчатковую перамогу дабра – Бога.

У канцы зло будзе выдалена і знішчана: у момант збору ўраджаю, суду, жняцы выканаюць наказ гаспадара і збяруць каласоўнік, каб спаліць (пар. Мц 13,30). У гэты дзень ураджаю канчатковым суддзёй будзе Езус, Той, хто пасеяў добрае насенне ў свеце і сам стаў “пшанічным зернем”, памёр і ўваскрос. У канцы мы ўсе будзем суджаны аднолькавай мерай. Якой? Па якім крытэрыі мы будзем асуджаны? Паводле той меры, якой мы судзілі: міласэрнасць, якую мы выкарыстоўвалі ў адносінах да іншых, будзе выкарыстана і да нас. Будзем прасіць Дзеву Марыю, нашу Маці, дапамагчы нам расці ў цярплівасці, надзеі і міласэрнасці з усімі братамі”.

Пасля Святы Айцец папрасіў вернікаў не забывацца маліцца за яго.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.