Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Евангелле дае магчымасць пазнаць Езуса сапраўднага, Езуса жывога
Слова Папы
28.07.2014 13:37

“Тыя, хто ведае Езуса, хто сустрэў Яго асабіста, становяцца зачараванымі Ім, агорнутымі вялікай дабрынёй, бязмежнай праўдай, найвялікшай прыгажосцю, і ўсё гэта ў вялікай пакоры і прастаце”, - заўважыў Папа Францішак 27 ліпеня 2014 г. у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі”. Пантыфік звярнуў увагу на прыпавесці Хрыста пра Божае Валадарства.

“Кароткія параўнанні, прапанаваныя сённяшняй літургіяй, з’яўляюцца заключэннем раздзелу Евангелля паводле Мацвея, прысвечанага прыпавесцям аб Божым Валадарстве (13, 44-52), - нагадаў Папа. - Сярод іх ёсць два маленькія шэдэўры: прыпавесць пра скарб, схаваны на полі, і пярліну вялікай каштоўнасці. Яны кажуць нам, што адкрыццё Божага Валадарства можа ўзнікнуць раптоўна, як у выпадку селяніна, які араў зямлю, нечакана; або пасля доўгіх пошукаў, як для купца, які, нарэшце, знайшоў каштоўную пярліну, аб якой даўно марыў. Але ў любым выпадку застаецца асноўным факт, што скарб і пярліна каштуюць больш, чым усе іншыя каштоўнасці, і, такім чынам, селянін і купец, калі яны знаходзяць іх, кідаюць усё астатняе, каб купіць іх. Яны не маюць патрэбы ў пошуку рацый або ў роздумах і развагах. Яны адразу разумеюць бясцэнную каштоўнасць таго, што яны знайшлі, і гатовыя страціць усё для набыцця гэтага.

Таксама і ў выпадку Божага Валадарства: кожны, хто яго сустрэне, пазбаўляецца ўсялякіх сумневаў, ён адчувае, што гэта тое, чаго шукаў, чакаў, і што адказвае на яго самыя сапраўдныя памкненні. І гэта сапраўды так: тыя, хто ведае Езуса, хто сустрэў Яго асабіста, становяцца зачараванымі Ім, агорнутымі вялікай дабрынёй, бязмежнай праўдай, найвялікшай прыгажосцю, і ўсё гэта ў вялікай пакоры і прастаце. Шукайце Езуса, сустракайце Езуса! Гэта найвялікшы скарб.

Колькі людзей, колькі святых, чытаючы з адкрытым сэрцам Евангелле, былі так уражаны Езусам, што навярнуліся да Яго. Гаворка ідзе пра св. Францішка Асізскага. Ён ужо быў хрысціянінам, але хрысціянінам “ружовай вады”. Калі ён чытаў Евангелле ў вырашальны момант свайго юнацтва, ён сустрэў Езуса і знайшоў Божае Валадарства, і раптам усе яго мары аб зямной славе зніклі. Евангелле дае магчымасць пазнаць Езуса сапраўднага, Езуса жывога; яно кажа да сэрца і змяняе тваё жыццё, да таго, каб адмовіцца ад усяго. Ты можаш цалкам змяніць тып жыцця або працягваць рабіць тое, што рабіў раней, але ты іншы, ты народжаны звыш. Ты знайшоў штосьці, што мае сэнс, тое, што дае водар, пралівае святло на ўсё, нават на цяжкасці, нават на пакуты і нават на смерць. Чытай Евангелле! Чытай Евангелле! Мы гаварылі пра гэта, памятаеце? Кожны дзень варта прачытаць урывак з Евангелля, а таксама насіць з сабой невялікую кнігу Евангелля, у кішэні, сумцы, каб была пад рукой. І, чытаючы адзін фрагмент, мы знойдзем Езуса. Усё мае сэнс, калі ў Евангеллі мы знаходзім той скарб, які Езус назваў “Божым Валадарствам”, што з’яўляецца валадараннем Бога ў жыцці, у нашым жыцці. Бога, які ёсць любоў, спакой і радасць у кожным чалавеку і ва ўсіх людзях. Гэта тое, чаго хоча Бог і дзеля чаго Езус аддаў сябе самога аж да смерці на крыжы, каб вызваліць нас ад улады цемры і прывесці ў Валадарства жыцця, прыгажосці, дабрыні, радасці. Чытайце Евангелле, каб знайсці Езуса і атрымаць гэтую хрысціянскую радасць, якая ёсць дарам Духа Святога.

Дарагія браты і сёстры, радасць, якая знаходзіцца ў скарбе Божага Валадарства, ззяе, гэта можна ўбачыць. Хрысціянін не можа хаваць сваю веру, таму што яна свеціць у кожным слове, у кожным жэсце, нават у самых простых, паўсядзённых: свеціць любоўю, якую даў нам Бог праз Езуса. Молімся праз заступніцтва Панны Марыі, каб у нас і ў свет прайшло Валадарства любові, справядлівасці і міру”.

Пасля малітвы Папа Францішак папрасіў вернікаў не забывацца маліцца за яго.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.