6 жніўня 2014 г. адбылася першая пасля летняга перапынку агульная аўдыенцыя з Папам Францішкам. Святы Айцец працягнуў цыкл катэхез аб Касцёле, звяртаючы ўвагу на навізну, якая характарызуе супольнасць вернікаў: “Гаворка ідзе пра новы народ, заснаваны на новым запавеце, устаноўленым Панам Езусам праз дар Ягонага жыцця. Гэтая навізна не адмаўляе папярэдні шлях і не супрацьпастаўляецца яму, але вядзе да яго спаўнення”.
У першую чаргу Папа звярнуў увагу на постаць св. Яна Хрысціцеля, які злучыў Стары і Новы Запаветы, рыхтаваў дарогу да прыходу Хрыста, схіляючы людзей да навяртання і прыняцця Божага суцяшэння. “Ян займае цэнтральнае месца ва ўсім Пісанні, бо становіцца мастом паміж абяцаннем Старога Запавету і яго спаўненнем, паміж прароцтвамі і іх рэалізацыяй у Езусе Хрысце. Сваім сведчаннем Ян указвае нам на Езуса, запрашае ісці за Ім і кажа, без складаных тэрмінаў, што гэта патрабуе пакоры, пакаяння і навяртання”, - сказаў Пантыфік.
Папа заўважыў, што, як Майсей заключыў запавет з Богам на падставе закону, атрыманага на гары Сінай, так і Езус, з пагорку на беразе Галілейскага возера, перадаў сваім вучням і натоўпу людзей новае навучанне, якое пачынаецца з благаслаўленняў. Па словах Пантыфіка, благаслаўленні ўказваюць шлях да шчасця і ўдасканальваюць запаведзі Старога Запавету. Многія, дадаў Святы Айцец, пра іх не ведаюць ці не памятаюць, але да іх важна пастаянна звяртацца ў жыцці.
“У гэтых словах прысутнічае ўся навізна, прынесеная Хрыстом: сапраўды, благаслаўленні – гэта партрэт Езуса, яго форма жыцця; а таксама гэта шлях да сапраўднага шчасця, якім і мы можам прайсці, дзякуючы ласцы, якую Езус дорыць”, - сказаў Пантыфік.
Акрамя новага закону, Папа звярнуў увагу на іншыя словы Езуса, з якімі трэба заўсёды лічыцца ў штодзённым жыцці: яны знаходзяцца ў 25 раздзеле Евангелля паводле Мацвея і з’яўляюцца сапраўдным “пратаколам”, паводле якога будзем судзімыя. “Мы не будзем мець тытулаў, перавагаў, прывілеяў. Пан пазнае нас, калі мы ў сваю чаргу пазнавалі Яго ў бедным, галодным, убогім ці маргіналізаваным, пакутуючым і самотным... І гэта адзін з фундаментальных крытэрыяў праверкі нашага хрысціянскага жыцця, з дапамогай якога Езус нас запрашае вымяраць яго кожны дзень”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік адзначыў, што новы запавет заключаецца ў тым, каб убачыць сябе ў Хрысце, атуленым міласэрнасцю і спачуваннем Божым, і “гэта напаўняе наша сэрца радасцю, робіць з нашага жыцця цудоўнае і пераканаўчае сведчанне любові Бога да ўсіх братоў, якіх сустракаем штодзённа”.
Напрыканцы агульнай аўдыенцыі Святы Айцец нагадаў пра гадавіну смерці Папы Паўла VI, які адышоў у вечнасць 6 жніўня 1978 г., падкрэсліў любоў гэтага Пантыфіка да Касцёла і заклікаў браць з яго прыклад і чэрпаць натхненне.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|