Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Вера дае нам упэўненасць у заўсёды блізкай прысутнасці Езуса
Слова Папы
11.08.2014 12:52

“Вера дае нам упэўненасць у заўсёды блізкай прысутнасці Езуса, Яго рукі, якая нас хапае, каб выцягнуць з небяспекі. Усе мы знаходзімся ў гэтым чаўне, і ў ім адчуваем сябе ў бяспецы, нягледзячы на нашы недахопы і слабасці”, - адзначыў Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 10 жніўня 2014 г.

“Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам эпізод, у якім Езус хадзіў па моры, – сказаў Папа. – Пасля памнажэння хлябоў і рыбаў Ён загадаў вучням сесці ў човен і пераплысці на іншы бераг, пакуль Ён адпусціць народ. Пасля гэтага Ён вярнуўся на гару ў самоце, каб маліцца да позняй ночы. Тым часам на моры паднялася вялікая бура, і менавіта падчас яе Езус прыйшоў да вучняў, ідучы па моры. Вучні, калі ўбачылі Яго, спалохаліся, думаючы, што Ён прывід, але Езус іх супакоіў: “Будзьце адважнымі, гэта Я, не бойцеся” (Мц 14, 27). Пётр, з уласцівым яму запалам, звярнуўся да Яго, амаль выпрабоўваючы: “Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе”; і Езус сказаў: “Ідзі”. Пётр выйшаў з чоўна і пачаў ісці па вадзе; але, убачыўшы моцны вецер, пачаў тануць. Тады ён закрычаў: “Пане, ратуй мяне!” - і Езус, працягнуўшы руку, выцягнуў яго.

У гэтым апавяданні цудоўна адлюстроўваецца вера апостала Пятра. У голасе Езуса, які сказаў: “Ідзі!”, ён распазнаў рэха іх першай сустрэчы на беразе гэтага самага мора, і неадкладна, яшчэ раз, пакінуў човен і пайшоў да Настаўніка. І крочыў па вадзе! Даверлівы і хуткі адказ на пакліканне Пана дазваляе рабіць рэчы незвычайныя. Сам Езус казаў, што мы здольныя рабіць цуды дзякуючы веры, веры ў Яго, у Яго слова, у Яго голас. Аднак Пётр пачаў тануць у момант, калі адцягнуў позірк ад Езуса, і дазволіў нягодзе, якая яго атачала, збіць сябе з ног. Але Пан заўсёды быў побач, і калі Пётр паклікаў, Езус выратаваў яго з небяспекі. У асобе Пятра, з яго запалам і слабасцямі, апісана наша вера: заўсёды слабая і бедная, неспакойная і ўсё ж перамагаючая; вера хрысціяніна крочыць насустрач Уваскросламу Пану, пасярод бур і небяспекаў свету.

Вельмі важнай з’яўляецца фінальная сцэна. “Калі ўвайшлі ў лодку, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды Сын Божы!” У чоўне былі ўсе вучні, аб’яднаныя досведам слабасці, сумніваў, страху, “малавер’я”. Але калі ў гэты човен сеў Езус, атмасфера адразу змянілася: усе адчулі сябе паяднанымі верай у Яго. Усе, малыя і напужаныя, сталі вялікімі ў момант, калі кінуліся на калені і пазналі ў Настаўніку Сына Божага. Колькі разоў і з намі здараецца тое самае... Без Езуса, далёка ад Яго, адчуваем сябе напужанымі і нягоднымі: не хапае веры! Але Езус заўсёды з намі, магчыма, схавана, але заўсёды прысутны і гатовы падтрымаць.

Гэта – цудоўны вобраз Касцёла: човен, які павінен праплыць праз буру, і часам здаецца, што стаіць на парозе крушэння. Тое, што яго ратуе – гэта не якасці і адвага людзей, але вера, якая дазваляе крочыць у цемры, пасярод цяжкасцяў. Вера дае нам упэўненасць у заўсёды блізкай прысутнасці Езуса, Яго рукі, якая нас хапае, каб выцягнуць з небяспекі. Усе мы знаходзімся ў гэтым чаўне, і ў ім адчуваем сябе ў бяспецы, нягледзячы на нашы недахопы і слабасці. Мы знаходзімся ў бяспецы, перш за ўсё калі здольныя стаць на калені і аддаваць пашану Езусу: аддаваць пашану Езусу, адзінаму Пану нашага жыцця. Да гэтага нас заклікае заўсёды наша Маці, Маці Божая. Да Яе звернемся з даверам”.

Пасля малітвы Папа Францішак звярнуўся да вернікаў з шэрагам заклікаў, сярод якіх папрасіў аб малітоўнай падтрымцы у сувязі з апостальскім падарожжам у Паўднёвую Карэю 13-18 жніўня.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.