20 жніўня 2014 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI Папа Францішак расказаў пра сваё апостальскае падарожжа ў Паўднёвую Карэю, якое здзейсніў 13-18 жніўня 2014 г. “Я меў магчымасць наведаць малады і дынамічны Касцёл, заснаваны на сведчанні мучанікаў і натхнёны місійным духам, у краіне, дзе сустракаюцца старажытныя азіяцкія культуры і вечная навізна Евангелля”, - сказаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што выказаць сутнасць яго падарожжа можна трыма словамі: памяць, надзея і сведчанне. “Рэспубліка Карэя – гэта краіна, якая ажыццявіла значнае і хуткае эканамічнае развіццё. Яе жыхары з’яўляецца вялікімі працаўнікамі, дысцыплінаванымі, і павінны захоўваць сілу, атрыманую ў спадчыну ад сваіх продкаў, - сказаў Святы Айцец. - У гэтай сітуацыі Касцёл з’яўляецца захаваўцам памяці і надзеі; гэта духоўная сям’я, у якой дарослыя перадаюць моладзі паходню веры, атрыманую ад пажылых; памяць сведкаў мінулага становіцца новым сведчаннем у цяперашнім і надзеяй на будучыню”. Праз гэтую перспектыву, па словах Папы, трэба глядзець на “дзве галоўныя падзеі гэтага падарожжа: беатыфікацыю 124 карэйскіх мучанікаў, якія далучыліся да кананізаваных 30 гадоў таму святым Янам Паўлам ІІ, і сустрэчу з моладдзю, з нагоды VI Дзён азіяцкай моладзі”.
Папа заўважыў, што малады чалавек заўсёды шукае нечага, дзеля чаго варта жыць, а мучанік дае сведчанне аб чымсьці, ці, дакладней, аб Кімсьці, дзеля каго варта аддаць жыццё. “Гэтая рэальнасць з’яўляецца Любоўю, Богам, які ўцелавіўся ў Езусе, Сведку Айца”, - падкрэсліў Пантыфік.
Касцёл у Карэі, дадаў Святы Айцец, захоўвае таксама “памяць пра першасную ролю, якую мелі свецкія вернікі, як для вытокаў веры, так і евангелізацыйнай дзейнасці”. “На гэтай зямлі, сапраўды, хрысціянская супольнасць не была заснавана місіянерамі, але групай маладых карэйцаў у другой палове XVIII ст., якія былі прываблены некаторымі хрысціянскімі тэкстамі, глыбока іх вывучалі і выбіралі ў якасці нормы для ўласнага жыцця. Адзін з іх быў накіраваны ў Пекін, каб атрымаць хрост, і затым, у сваю чаргу, хрысціў сваіх паплечнікаў. З гэтай першай ячэйкі развілася вялікая супольнасць, якая з самага пачатку і на працягу стагоддзя падвяргалася гвалтоўнаму пераследу, з тысячамі мучанікаў. Такім чынам, Касцёл у Карэі заснаваны на веры, на місійнай дзейнасці і мучаніцтве свецкіх вернікаў”, - сказаў Папа.
Пантыфік адзначыў, што першыя карэйскія хрысціяне жылі па прыкладзе апостальскай ерузалемскай супольнасці, гэта значыць “братэрскай любоўю, якая пераўзыходзіць любыя сацыяльныя адрозненні”. “Таму я заклікаў сённяшніх хрысціян быць шчодрымі ў дзяленні з беднымі і маргіналізаванымі, згодна са словамі з 25 радзела Евангелля паводле Мацвея: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”, - распавёў Папа.
“Дарагія браты, у гісторыі веры ў Карэі бачна, як Хрыстус не адмяняе культуры, не знішчае шлях народаў, якія на працягу стагоддзяў і тысячагоддзяў шукаюць праўды і жывуць любоўю да Бога і бліжняга. Хрыстус не адмяняе тое, што добрае, але прыводзіць гэта да спаўнення. Тое, з чым Хрыстус змагаецца і знішчае, – гэта злы, які сее пустазелле паміж людзьмі і народамі; які нараджае маргіналізацыю з прычыны ідалапаклонства перад грашыма; які сее атруту пустэчы ў сэрцах моладзі. З гэтым Хрыстус змагаўся і перамог сваёй Ахвярай любові. І калі застанемся ў Ім, у Яго любові, таксама і мы, як і мучанікі, зможам жыць і сведчыць аб Яго перамозе”, - падкрэсліў Святы Айцец.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што 20 жніўня Касцёл успамінае св. Бернарда, абата і доктара Касцёла. Папа заклікаў углядацца ў прыклад яго любові да Маці Божай, каб умацоўваць сваё хрысціянскае жыццё, каб ніколі не быць пераможанымі грахом і жыць плёнамі ласкаў, атрыманых ад Езуса Хрыста.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|