Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Касцёл, як клапатлівая маці, дапамагае расці ў веры
Слова Папы
03.09.2014 15:01

Мацярынства Касцёла было тэмай катэхезы Папы Францішка падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 3 верасня 2014 г. Пантыфік нагадаў, што людзі не становяцца хрысціянамі “самі па сабе, дзякуючы ўласным сілам, аўтаномным чынам”, не становяцца хрысціянамі “лабараторным” шляхам, але нараджаюцца і ўзрастаюць у веры ўнутры вялікага цела, якім з’яўляецца Касцёл.

У такім сэнсе Касцёл, па словах Пантыфіка, – гэта сапраўдная маці, якая дае жыццё ў Хрысце і дазваляе жыць разам з іншымі братамі ў адзінстве Святога Духа. “У гэтым сваім мацярынстве Касцёл мае за прыклад Панну Марыю – самы прыгожы і высокі прыклад, які толькі можа існаваць”, - сказаў Папа і падкрэсліў, што нараджэнне Езуса ва ўлонні Марыі - “сапраўдная прэлюдыя нараджэння кожнага хрысціяніна ва ўлонні Касцёла”. “Усвядомім, што адносіны, якія яднаюць Марыю і Касцёл, такія моцныя, як ніякія іншыя: гледзячы на Марыю, мы ўсё больш адкрываем цудоўнае і пяшчотнае аблічча Касцёла; гледзячы на Касцёл – распазнаем узвышаныя рысы Марыі. Мы, хрысціяне – не сіроты! Мы маем маму, маем маці, і гэта цудоўна! Мы не сіроты! Касцёл і Марыя – гэта маці!” - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік патлумачыў, што мацярынства Касцёла рэалізуецца ў нараджэнні дзяцей праз сакрамэнт хросту. “Кожны раз, калі хрысцім дзіця – яно становіцца дзіцём Касцёла, уваходзіць у Касцёл. І з гэтага часу ён, як клапатлівая маці, дапамагае расці ў веры і сілай Святога Духа ўказвае нам шлях збаўлення, баронячы ад зла”, - адзначыў Папа.

“Такім чынам, мы ўсе пакліканы прыняць з адкрытым сэрцам Божае слова, якое Касцёл нам штодзённа перадае, таму што яно мае здольнасць змяняць знутры. Толькі Божае слова мае гэтую здольнасць – перамяняць знутры, ад нашых самых глыбокіх каранёў (...) А хто нам дае Божае слова? Маці Касцёл! Ён, як малаком, насычае Божым словам сваіх дзяцей, наталяе іх на працягу ўсяго жыцця гэтым словам, і гэта цудоўна! (...) Божае слова, якое атрымліваем ад Касцёла, перамяняе нас, робіць нашу чалавечнасць пульсуючай не паводле цела, а паводле Духа”, - сказаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што Касцёл, як сапраўдная маці, прыкладае ўсе намаганні, каб бараніць сваіх дзяцей. “Гэтая абарона заключаецца ў закліку да пільнасці: чуваць, каб не трапіць у пасткі і спакусы злога. Таму што, нават калі Бог і перамог д’ябла, апошні заўсёды вяртаецца са сваімі спакусамі; мы ведаем пра гэта, бо ўсе падвяргаемся ім (...). Д’ябал, “як леў, кружыць з рыкам”, кажа святы Пётр. Ад нас жа патрабуецца не быць неразумнымі, але чуваць і супрацьстаяць, будучы моцнымі ў веры. Супрацьстаяць, дзякуючы парадам Маці Касцёла, супрацьстаяць з дапамогай Маці Касцёла, які, як добрая мама, заўсёды суправаджае сваіх дзяцей у цяжкія моманты”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што Касцёл складаюць не толькі святары і біскупы, але і ўсе ахрышчаныя людзі, і заклікаў прасіць Панну Марыю навучыць ставіцца да іншых людзей у духу мацярынства – гэта значыць са здольнасцю прымаць, прабачаць, падтрымліваць, даваць надзею і давер.

Напрыканцы аўдыенцыі, вітаючы маладыя сужэнскія пары, прысутныя на плошчы св. Пятра, Папа адзначыў, што ажаніцца сёння – гэта мужны акт, і заклікаў іх прыкладаць намаганні, каб захоўваць жывым свой кантакт з Богам і такім чынам заўсёды захоўваць сваю любоў сапраўднай і трывалай.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.