Папа Францішак: «Бог просіць засяроджвацца не на тым, што падзяляе, але што аб’ядноўвае» |
Слова Папы |
08.10.2014 12:33 |
На працягу гісторыі гэтыя падзелы часта былі прычынай канфліктаў і пакутаў, і нават сёння «адносіны не заўсёды пазначаны павагай і сардэчнасцю», з жалем адзначыў Святы Айцец. «Мы добра ведаем, наколькі жадаў Езус, каб Яго вучні заставаліся ў Яго любові. Дастаткова падумаць пра Яго словы, перададзеныя ў 17 радзеле Евангелля паводле Яна – пра малітву, скіраваную да Айца напярэдадні мукі: “Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы”», — сказаў Папа. «Гэтае адзінства знаходзілася пад пагрозай яшчэ калі Езус быў сярод сваіх: у Евангеллі узгадваецца, як апосталы спрачаліся паміж сабой аб тым, хто з іх самы вялікі, больш важны. Пан, аднак, моцна настойваў на адзінстве ў імя Айца, даючы зразумець, што наша абвяшчэнне і сведчанне будуць настолькі пераканаўчымі, наколькі будзем здольнымі жыць у адзінстве і любіць адзін аднаго. І гэта Яго апосталы, з ласкай Святога Духа, затым глыбока ўсвядомілі і прынялі да сэрца, а святы Павел звяртаўся да карынфскай супольнасці з такімі словамі: “Заклікаю вас, браты, дзеля імя нашага Пана Езуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і тое ж і каб не было паміж вамі расколу, але каб мелі еднасць у думках і пазнанні”», — дадаў Пантыфік. «Прычыны, якія прывялі да падзелаў і расколаў, могуць быць рознымі: ад рознагалоссяў адносна дагматычных і маральных прынцыпаў і тэалагічных і душпастырскіх паняццяў, да матываў, якія тычыліся палітыкі і суіснавання, або нават сутыкненняў з прычыны антыпатый або асабістых амбіцый... Тое, што дакладна, – гэта што па-за гэтымі падзеламі, тым ці іншым чынам, заўсёды стаялі пыха і эгаізм, якія з’яўляюцца прычынай усіх нязгодаў, робяць нас неталерантнымі, няздольнымі слухаць і прымаць тых, хто мае іншы погляд ці пазіцыю адрозную ад нашай», — заўважыў Папа. (AG) |