Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Хрысціянская надзея — гарачае чаканне з моцным прагненнем спаўнення таямніцы Божай любові»
Слова Папы
15.10.2014 13:02

Вобразу Касцёла як нявесты, якая чакае жаніха, прысвяціў Папа Францішак катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 15 кастрычніка на плошчы св. Пятра. Паводле Пантыфіка, гэтая аналогія дапамагае ўсвядоміць будучыню, што чакае народ Божы, — сустрэчу з Панам і вечнае прабыванне з Ім.

Як адзначыў Папа, у кнізе Апакаліпсіса св. Яна наступленне апошніх часоў апісваецца як «новы Ерузалем, які сыходзіць ад Бога з неба, падрыхтаваны, быццам нявеста, убраная для свайго жаніха». «Вось што нас чакае! І вось кім з’яўляецца Касцёл! Гэта народ Божы, які ідзе за Панам Езусам і дзень за днём рыхтуецца да сустрэчы з Ім, як нявеста са сваім жаніхом! Гэта не проста ідыёма — будзе сапраўднае вяселле! — падкрэсліў Святы Айцец. — Так, таму што Хрыстус, стаўшы чалавекам, як мы, і ўчыніўшы з усіх нас адно з сабой, сваёй смерцю і ўваскрасеннем па-сапраўднаму нас ажаніў з сабой і ўчыніў з нас сваю нявесту. Гэта не што іншае, як задума адзінства і любові, якую Бог спаўняў на працягу ўсёй гісторыі».

Пантыфік звярнуў увагу на важны элемент апавядання св. Яна, які глыбока суцяшае і адкрывае сэрца: у Касцёле стане бачным «новы Ерузалем». «Гэта значыць, што Касцёл, акрамя таго, што з’яўляецца нявестай, пакліканы стаць горадам — дасканалым сімвалам мірнага суіснавання і чалавечых адносін. Як цудоўна ўжо зараз сузіраць праз яшчэ адзін вобраз, што ўражвае ў Апакаліпісе, як ніводзін іншы, што ўсе плямёны і ўсе народы сабраны разам у гэтым горадзе, як у вялікай скініі, “скініі Божай”! У гэтым хвалебным месцы не будзе больш абмежаванняў, хабарніцтва і падзелаў рознага кшталту — сацыяльнага, этнічнага або рэлігійнага — і ўсе мы будзем адно ў Хрысце», — сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, перад абліччам гэтай цудоўнай і нечаканай рэальнасці сэрцы вернікаў не могуць не адчуваць моцнага ўмацавання ў надзеі. «Бачыце, хрысціянская надзея — гэта не проста спадзяванне, жаданне, аптымізм. Для хрысціяніна надзея — гэта гарачае чаканне з моцным прагненнем апошняга і канчатковага спаўнення таямніцы, таямніцы Божай любові, у якой мы былі адроджаны і ўжо жывем. Гэта чаканне Некага, хто набліжаецца, — чаканне Хрыста Пана, які дзень за днём становіцца ўсё бліжэй да нас і які прыходзіць, каб нарэшце ўвесці нас у поўню свайго адзінства і супакою, — патлумачыў Пантыфік. — Касцёл, у сваю чаргу, павінен падтрымліваць гэтае чаканне і трымаць высока лампаду надзеі, каб працягвала ззяць, як надзейны знак збаўлення, і асвятляць усяму чалавецтву сцежку, што вядзе на сустрэчу з міласэрным абліччам Бога».

Чаканнем народа Божага, па словах Папы, з’яўляецца вяртанне Езуса, але перад абліччам гэтай рэчаіснасці вернікі павінны шчыра адказаць сабе, ці з’яўляюцца яны па-сапраўднаму яскравымі і пераканаўчымі сведкамі гэтай надзеі, ці жывуць яшчэ іх супольнасці ў знаку прысутнасці Езуса і гарачым чаканні Яго прыйсця або, наадварот, жывуць у стоме, здранцвенні і прыгнечанні ад цяжкасцяў і абыякавасці.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, звяртаючыся да пілігрымаў, Папа нагадаў, што 15 кастрычніка Касцёл адзначае ўспамін св. Тэрэзы ад Езуса, панны і доктара Касцёла, а 16 кастрычніка будзе святкаваць чарговую гадавіну абрання св. Яна Паўла II на пасаду Рымскага Пантыфіка. «Гэтых двух святых аб’ядноўвае асабістая адданасць Богу, прысвячэнне Касцёлу і містычнаму жыццю», — сказаў Папа і пажадаў сабраным на плошчы св. Пятра вучыцца ад іх евангельскаму радыкалізму і духоўнаму росту ў поўнай еднасці з Богам.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.