«Касцёл з’яўляецца знакам і прадвеснікам новага чалавецтва, калі жыве і распаўсюджвае сваім сведчаннем Евангелле, пасланне надзеі і прымірэння паміж усімі людзьмі», — адзначыў Папа Францішак у разважанни перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра 9 лістапада.
«Cёння літургія ўспамінае пра асвячэнне Латэранскай базылікі, якая з’яўляецца рымскай катэдрай і якую традыцыя акрэслівае як “маці ўсіх касцёлаў у Горадзе і Свеце”, — сказаў Папа. — Паняцце “маці” адносіцца не столькі да сакральнага будынку базылікі, колькі да справы Святога Духа, якая ў гэтым будынку праяўляецца, становячыся плённай праз служэнне Біскупа Рыма, ва ўсіх супольнасцях, што прабываюць у еднасці з Касцёлам, які ён узначальвае.
Кожны раз, калі мы святкуем асвячэнне якога-небудзь касцёла, узгадваецца адна важная праўда: матэрыяльная святыня, пабудаваная з цэглы — гэта знак Касцёла жывога і дзейснага ў гісторыі, гэта значыць той “духоўнай святыні”, у якой Хрыстус сам з’яўляецца “жывым каменем, адкінутым людзьмі, але выбраным Богам, каштоўным” (1 П 2, 4-8), як казаў апостал Пётр. Езус у Евангеллі сённяшняй літургіі, кажучы пра святыню, адкрыў ашаламляльную праўду: святыня Божая — гэта не толькі будынак, узведзены з цэглы, але і Яго цела, якое складаецца з жывых камянёў. Праз сілу хросту кожны хрысціянін становіцца часткай гэтай “будоўлі Божай” (1 Кар 3, 9) і больш за тое, Касцёлам Божым. Духоўны будынак, Касцёл супольнасці людзей, асвечаных крывёю Хрыста і Духам Уваскрослага Пана, патрабуе ад кожнага з нас быць адпаведнымі дару веры і ісці шляхам хрысціянскага сведчання. Гэта нялёгка — мы ведаем усе... Адпаведнасць жыцця паміж верай і сведчаннем: мы павінны ісці наперад і чыніць у нашым жыцці гэтую штодзённую адпаведнасць. Хрысціян з’яўляецца такім не праз тое, што кажа, а праз тое, што робіць, праз свае паводзіны. Гэтая адпаведнасць, якая нам дае жыццё, з’яўляецца ласкай Святога Духа, аб якой мы павінны прасіць.
Касцёл, ад самага пачатку свайго існавання і місіі ў свеце, быў нічым іншым, як супольнасцю, пабудаванай для вызнання веры ў Езуса Хрыста, Сына Божага і Адкупіцеля чалавека — веры, якая дзейнічае праз любоў. Яны ідуць разам! Таксама і сёння Касцёл пакліканы быць у свеце супольнасцю, якая, будучы ўкаранёнай у Хрысце праз хрост, з пакорай і адвагай вызнае веру ў Яго, даючы сведчанне аб ёй праз любоў. Гэтай фундаментальнай мэце павінны быць падпарадкаваны ўсе інстытуцыянальныя элементы, структуры і душпастырскія органы — для гэтай фундаментальнай мэты: сведчання веры ў любові. Любоў — гэта выраз веры, але таксама і вера з’яўляецца тлумачэннем фундаменту любові.
Сённяшняе свята запрашае нас паразважаць над адзінствам усіх Касцёлаў, гэта значыць аб хрысціянскай супольнасці — па аналогіі яна нас стымулюе дзейнічаць, каб чалавецтва магло пераадолець бар’еры варожасці і недаверу і будаваць масты разумення і дыялогу, каб чыніць з усяго свету сям’ю народаў, прыміраных паміж сабой, братэрскіх і салідарных. Сам Касцёл з’яўляецца знакам і прадвеснікам гэтага новага чалавецтва, калі жыве і распаўсюджвае сваім сведчаннем Евангелле, пасланне надзеі і прымірэння паміж усімі людзьмі.
Папросім аб заступніцтве Найсвяцейшай Панны Марыі, каб дапамагла ўсім стаць, як Яна, “домам Божым”, жывой святыняй Яго любові».
Пасля малітвы Пантыфік выказаў падтрымку працаўнікам сферы сельскай гаспадаркі, а таксама заклікаў клапаціцца аб навакольным асяроддзі, узгадваючы пра Дзень абароны стварэння, які адзначаецца ў Рымскай дыяцэзіі па ініцыятыве мясцовага епіскапату.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|