Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра, якая прайшла 12 лістапада, Папа Францішак распавёў пра патрабаванні, якія ставяцца перад біскупамі, прэзбітэрамі і дыяканамі, каб яны маглі па-сапраўднаму і плённа выконваць сваё служэнне. Пантыфік падкрэліў, што менавіта ў гэтых асобах Езус становіцца прысутным у моцы свайго Духа і працягвае служыць Касцёлу, умацоўваючы ў ім веру, надзею і сведчанне любові.
«Гэтае служэнне складае, такім чынам, вялікі дар Пана для кожнай хрысціянскай супольнасці і ўсяго Касцёла, паколькі з’яўляецца жывым знакам Яго прысутнасці і любові», — адзначыў Святы Айцец.
Папа нагадаў, што апостал Павел, у сваіх Пасланнях да Цімафея і Ціта казаў пра неабходнасць паклікання і патрабаванні, якія павінны выконваць выбраныя для біскупскага, прэзбітэрскага і дыяканскага служэння. Пантыфік заўважыў, што тут гаворка ішла не толькі пра цноты веры і духоўнага жыцця, але таксама і пра цалкам чалавечыя рысы: адкрытасць, сціпласць, цярплівасць, пакору, надзейнасць, сардэчную дабрыню. «Гэта алфавіт, базавая граматыка кожнага служэння! Гэта павінна быць базавай граматыкай кожнага біскупа, святара і дыякана! Так, таму што без гэтай цудоўнай і сапраўднай схільнасці сустракацца, знаёміцца, весці дыялог, цаніць і паважліва і шчыра падтрымліваць адносіны з братамі немагчыма здзяйсняць служэнне і даваць па-сапраўднаму радаснае і пераканаўчае сведчанне», — сказаў Папа.
Пантыфік нагадаў, што апостал Павел заклікаў сваіх вучняў «пастаянна распальваць дар, які атрымалі». Па словах Святога Айца, гэта азначае заўсёды памятаць, што біскупамі, святарамі або дыяканамі становяцца не дзякуючы выдатнаму розуму ці якой-небудзь перавазе над іншымі, але выключна праз сілу дару любові, які Бог дае дзеля дабра свайго народа.
«Гэтая свядомасць па-сапраўднаму важная і ўяўляе сабой ласку, аб якой трэба прасіць штодзённа! Сапраўды, пастыр, які разумее, што яго служэнне паходзіць выключна з міласэрнасці і Божага сэрца, ніколі не зможа набыць аўтарытарных паводзінаў, нібыта ўсе стаяць каля яго ног, а супольнасць з’яўляецца яго ўласнасцю, яго асабістым валадарствам», — сказаў Папа.
Па словах Пантыфіка, усведамленне таго, што ўсё з’яўляецца дарам і ласкай, дапамагае пастыру не паддацца спакусе змяшчэння сябе ў цэнтры ўвагі і пакладання надзеі толькі на сябе самога. «Бяда, калі біскуп, святар або дыякан думаюць, што ведаюць усё, што на любы выпадак маюць правільны адказ і ім ніхто не патрэбны. Наадварот, усведамленне таго, што ён стаў першым аб’ектам міласэрнасці і спачування Бога, павінна весці слугу Касцёла да таго, каб быць заўсёды пакорным і спагадлівым да іншых. Усведамляючы, што пакліканы з адвагай захоўваць скарб веры, ён павінен таксама прыслухоўвацца да народу. Павінен разумець, што заўсёды ёсць нешта, чаму ён павінен навучыцца, у тым ліку ад тых, якія могуць быць яшчэ далёкімі ад веры і Касцёла. Затым, з уласнымі субратамі ўсё гэта павінна весці да набыцця новых паводзінаў, пазначаных дзяленнем, суадказнасцю і адзінствам», — сказаў Святы Айцец.
Папа заклікаў вернікаў дзякаваць Богу за тое, што праз біскупаў, святароў і дыяканаў Ён працягвае весці Касцёл.
Перад пачаткам агульнай аўдыенцыі Пантыфік завітаў у ватыканскую Залу Паўла VI, дзе размясціліся прыбыўшыя на сустрэчу з ім дзеці і дарослыя з абмежаванымі магчымасцямі, і ўдзяліў кожнаму з іх благаслаўленне.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|