Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Мы ўсе пакліканы суцяшаць нашых братоў»
Слова Папы
07.12.2014 18:24

“Мы ўсе пакліканы суцяшаць нашых братоў, сведчыць пра тое, што толькі Бог можа ліквідаваць прычыны экзістэнцыяльных і духоўных драм, - сказаў Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” 7 снежня. - Калі мы даверым сябе Яму з пакорай і з раскаяным сэрцам, Ён абрыне муры зла, запоўніць ямы нашай бяздзейнасці, пераломіць хрыбты ганарыстасці і пыхі і адкрые шлях да сустрэчы з Ім”.

“Гэтая нядзеля з’яўляецца другім этапам перыяду Адвэнту – цудоўнага часу, які абуджае ў нас чаканні другога прыйсця Хрыста і памяць Яго гістарычнага прыйсця. Сённяшняя літургія ўзгадвае нам пасланне, поўнае надзеі. Запрашэнне Пана, якое Ён выказаў вуснамі прарока Ісаі: “Суцешце, суцешце народ Мой! — кажа ваш Бог” (Іс 40, 1). Гэтымі словамі адкрываецца “Кніга суцяшэння”, у якой прарок звяртаецца да народа ў выгнанні з радасным абвяшчэннем яго вызвалення. Час смутку завяршыўся; народ Ізраэля можа з даверам глядзець у будучыню. Яго чакае, нарэшце, вяртанне на радзіму. І дзеля гэтага людзі закліканы да таго, каб Пан іх суцяшаў.

Ісая звяртаецца да людзей, якія прайшлі праз цёмны перыяд, якія зазналі вельмі цяжкае выпрабаванне; але зараз настаў час суцяшэння. Месца смутку і страху заступіла радасць, таму што сам Пан будзе кіраваць сваім народам на шляху да вызвалення і збаўлення. Якім чынам Ён гэта зробіць? Зробіць з турботай і пяшчотай пастыра, які клапоціцца пра свой статак. Ён сапраўды забяспечыць адзінства і бяспеку для статка, будзе яго пасвіць, рассеяных авечак збярэ ў бяспечнай аўчарні, будзе звяртаць асаблівую ўвагу на найбольш уразлівых і слабых авечак ( Іс 40, 11). Такім будзе стаўленне Бога да нас, Яго стварэнняў. Таму прарок заклікае тых, хто яго слухае – уключна з намі – распаўсюджваць сёння паміж усімі гэтае пасланне надзеі: пасланне, што Бог нас суцяшае і стварае месца для суцяшэння, якое прыходзіць ад Пана.

Але мы не можам быць пасланнікамі суцяшэння Бога, калі не будзем самі адчуваць першымі радасць быць суцешанымі і любымі Богам. Гэта адбываецца тады, калі мы слухаем Яго Слова, Евангелле, якое мы павінны насіць у кішэні: не забывайма пра гэта! Евангелле - у кішэні ці ў сумцы, каб яго пастаянна чытаць. І гэта дасць нам суцяшэнне: калі застаемся ў ціхай малітве ў Яго прысутнасці, калі Яго сустракаем у Эўхарыстыі ці ў сакрамэнце прабачэння. Гэта ўсё нас суцяшае.

Дазволім, каб заклік Ісаі – “Суцешце, суцешце народ Мой” – гучаў у нашых сэрцах у гэты перыяд Адвэнту. Сёння нам патрэбны людзі, якія з’яўляліся б сведкамі міласэрнасці і пяшчоты Пана, які абуджае расчараваных, адраджае тых, хто ўпаў у роспач. Ён запальвае агонь надзеі. Не мы. Многія сітуацыі патрабуюць нашага суцяшальнага сведчання: быць радаснымі і суцяшаючымі асобамі. Я думаю пра тых, хто прыгнечаны пакутамі, несправядлівасцямі і злоўжываннямі. Тых, што сталі рабамі грошай, ўлады, поспеху і славы. Бедныя, яны маюць скажоныя суцяшэнні, не сапраўдныя, якія дае Пан. Мы ўсе пакліканы суцяшаць нашых братоў, сведчыць пра тое, што толькі Бог можа ліквідаваць прычыны экзістэнцыяльных і духоўных драм. Ён можа зрабіць гэта. Ён магутны.

Пасланне Ісаі, якое гучыць у гэтую другую нядзелю Адвэнту, з’яўляецца бальзамам на нашыя раны і стымулам для стараннай падрыхтоўкі шляхоў Пану. Прарок сапраўды гаворыць сёння да нашых сэрцаў, каб абвясціць, што Бог забываецца на нашы грахі і нас суцяшае. Калі мы даверым сябе Яму з пакорай і з раскаяным сэрцам, Ён абрыне муры зла, запоўніць ямы нашай бяздзейнасці, пераломіць хрыбты ганарыстасці і пыхі і адкрые шлях да сустрэчы з Ім. Вельмі цікава, што мы шмат разоў баімся суцяшэння, быць суцешанымі. Наадварот, мы адчуваем сябе больш бяспечна ў смутку і болю. Ведаеце, чаму? Таму, што ў смутку мы адчуваем сябе амаль героямі. Затое ў суцяшэнні Святы Дух з’яўляецца героем! Гэта Ён нас суцяшае, Ён дае нам мужнасць выйсці з сябе саміх. Ён вядзе нас да крыніцы сапраўднага суцяшэння, гэта значыць да Айца. І гэта з’яўляецца навяртаннем. Калі ласка, дазвольце, каб Пан вас суцяшаў!

Панна Марыя з’яўляецца шляхам, які сам Бог падрыхтаваў для свайго прыходу ў свет. Даручым Ёй чаканні збаўлення і міру ўсіх мужчын і жанчын нашага часу”, - сказаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.