«Збаўленне – гэта бескарыслівы дар Бога, які прыходзіць да нас і селіцца ў нас. Атрымаўшы задарма, мы пакліканы задарма даваць», — сказаў Папа Францішак перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
«Пасланне сённяшняй урачыстасці Беззаганнага Зачацця Панны Марыі можна абагульніць такімі словамі: усё з’яўляецца бескарыслівым дарам Бога і Яго любові да нас, — падкрэсліў Папа. — Анёл Габрыэль назваў Марыю “поўнай ласкі” (Лк 1, 28): у Ёй няма месца граху, таму што Бог спрадвеку выбраў Яе Маці Езуса і захаваў ад першароднай віны. Марыя адказала на ласку і даверылася ёй, кажучы анёлу: “Няхай мне станецца паводле твайго слова” (38). Яна не сказала: “Я зраблю паводле твайго слова”, але “няхай мне станецца”. І Слова сталася Целам у Яе ўлонні. Таксама і ад нас запатрабавана слухаць Бога, які прамаўляе, і прымаць Яго волю; паводле евангельскай логікі, няма нічога больш дзейснага і плённага, чым слуханне і прыняцце слова Пана, якое паходзіць з Евангелля, Бібліі. Пан прамаўляе да нас заўсёды!
Паводзіны Марыі з Назарэта паказваюць нам, што “быць” важней, чым “рабіць”, і што неабходна “дазволіць рабіць” Богу, каб “быць” па-сапраўднаму паводле Яго жадання. І Ён чыніць у нас шматлікія цуды. Марыя — адкрытая, але не пасіўная. Як на фізічным узроўні Яна атрымала сілу Святога Духа, але затым падарыла цела і кроў Сыну Божаму, які фармаваўся ў Ёй, так на духоўным узроўні Яна прыняла ласку і адказала на яе з верай. Таму святы Аўгустын сцвярджаў, што Панна “зачала ў сэрцы перш, чым ва ўлоніі” (Прамовы, 215, 4). Яна напачатку зачала веру, а потым Пана. Гэтая таямніца прыняцця ласкі — якая ў Марыі дзякуючы выключнаму прывілею была без перашкоды граху — з’яўляецца магчымасцю для ўсіх. Святы Павел, пачынаў сваё Пасланне да Эфесцаў такімі словамі праслаўлення: “Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах” (1, 3). Як Марыя падчас прывітання св. Альжбетай, была названа “благаслаўлёнай між жанчынамі” (Лк 1, 42), таксама і мы былі спрадвеку “благаслаўлёнымі”, гэта значыць умілаванымі, і таму “выбранымі перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі” (Эф 1, 4). Марыя была захаванай, а мы збаўленымі дзякуючы хросту і веры. Усё гэта, аднак, адбылося, як з ёй, так і з намі, праз Хрыста, “дзеля хвалы Яго праслаўленай ласкі” (6), той ласкі, якой Беззаганная была цалкам напоўнена.
Перад абліччам любові, перад абліччам міласэрнасці, Божай ласкі, захаванай у нашых сэрцах, на нас накладаецца толькі адно наступства: бескарыслівасць. Ніхто з нас не можа купіць збаўленне! Збаўленне – гэта бескарыслівы дар Пана, бескарыслівы дар Бога, які прыходзіць да нас і селіцца ў нас. Атрымаўшы задарма, мы пакліканы задарма даваць (пар. Мц 10, 8); на падабенства Марыі, якая адразу пасля прыняцця навіны ад Анёла пабегла дзяліцца дарам плённасці са сваёй сваячкай Альжбетай. Таму, калі нам усё было падаравана — мы ўсё павінны таксама падарыць. Якім чынам? Дазваляючы, каб Святы Дух зрабіў з нас дар для іншых. Дух — гэта дар для нас, і мы праз сілу Духа павінны быць дарам для іншых. Ён дапамагае нам стаць прыладамі гасціннасці, прымірэння і прабачэння. Калі наша жыццё адкрыецца на перамену праз ласку Пана — таму што ласка Пана перамяняе — мы не зможам трымаць для сябе святло, што паходзіць ад Яго аблічча, але дазволім яму выйсці і асвятліць абліччы іншых. Будзем вучыцца ад Марыі, якая пастаянна трымала позірк на сваім Сыне і аблічча якой стала “найбольш падобным да Хрыстовага” (Дантэ, Неба, ХХХІІ, 87). Да Яе звернемся зараз з малітвай, якая нагадвае пра абвяшчэнне Анёла».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|