Сапраўднай радасці, якую можа даць выключна Езус, прысвяціў 14 снежня свае разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” Папа Францішак. Кожны вернік, які спазнаў Хрыстовую радасць, пакліканы дзяліцца ёй з іншымі, нагадаў Пантыфік.
“Ужо на працягу двух тыдняў час Адвэнту запрашае нас да духоўнага чування, каб падрыхтаваць шлях Пану, які прыходзіць, - адзначыў Святы Айцец. - У гэтую Трэцюю нядзелю літургія прапануе нам яшчэ адну ўнутраную паставу, у якой трэба перажываць гэта чаканне Пана – радасць, радасць Езуса. Вы прынеслі транспарант, на якім напісана: “З Езусам радасць прысутнічае ў доме”. Гэтыя словы прапануюць нам радасць Езуса! Чалавечае сэрца жадае радасці. Мы ўсе хочам радасці: кожная сям’я, кожны народ імкнуцца да шчасця. Але да перажывання і сведчання якой радасці пакліканы хрысціянін? Гэтая радасць паходзіць ад блізкасці Бога, з Яго прысутнасці ў нашым жыцці. З моманту, калі Езус увайшоў у гісторыю, з Яго нараджэннем у Бэтлееме, чалавецтва атрымала насенне Валадарства Божага, як зямля, якая прымае насенне, што абяцае будучы ўраджай.
Не трэба ўжо шукаць у іншым месцы! Езус прыйшоў, каб прынесці радасць усім і назаўсёды. Гэта не толькі радасць, на якую спадзяюцца або адкладаюць да раю – тут, на зямлі, мы сумныя, але ў Небе мы будзем радасныя. Не, не! Гэта не так. Гэтая радасць ужо цяпер з’яўляецца рэальнасцю, яна магчыма для адчування ўжо зараз, таму што сам Езус – гэта наша радасць, і наш дом з Езусам з’яўляецца радасцю. Што вы напісалі? “З Езусам радасць прысутнічае ў доме”. Давайце скажам гэта ўсе: “З Езусам радасць прысутнічае ў доме”. Ці існуе радасць без Езуса? Яе няма! Ён жывы, Ён уваскрос і дзейнічае ў нас і сярод нас, асабліва праз сваё слова і сакрамэнты.
Мы ўсе ахрышчаныя дзеці Касцёла, мы пакліканы пастаянна і нанова прымаць прысутнасць Бога сярод нас і дапамагаць іншым убачыць яе або аднавіць, калі забыліся пра яе. Гэта прыгожая місія, падобная да місіі Яна Хрысціцеля: скіроўванне людзей да Хрыста – а не на сябе! Бо Ён з’яўляецца мэтай, да якой імкнецца чалавечае сэрца, калі шукае радасці і шчасця.
Яшчэ раз святы Павел, у сённяшняй літургіі, гаворыць пра ўмовы быцця “місіянерамі радасці”: няспынна маліцца, непрыстанна дзякаваць Богу, прыстасоўвацца да Яго Духа, імкнуцца да дабра і пазбягаць зла (пар. 1 Тэс 5, 17-22). Калі гэта стане ладам нашага жыцця, то Добрая Навіна зможа ўвайсці ў многія дамы і дапамагчы людзям і сем’ям даведацца, што Езус ёсць збаўленнем. У Ім можна знайсці ўнутраны спакой і сілу, каб кожны дзень сустракацца з рознымі жыццёвымі сітуацыямі, нават самымі цяжкімі і самымі складанымі. Ніколі не было чуваць аб нейкім святым, што быў сумны, ці нейкай святой, што мела твар, як на пахаванні. Гэта было б абсурдна.
Хрысціянін – гэта чалавек, чыё сэрца напоўнена спакоем, таму што ён умее пакладаць сваю радасць у Пану, нават калі перажывае цяжкія часы. Верыць, не азначае быць свабодным ад цяжкасцяў, але мець сілу супрацьстаяць ім, ведаючы, што ты не самотны. Гэта і ёсць спакой, які Бог дае сваім дзецям.
Углядаючыся ў блізкае ўжо Божае Нараджэнне, Касцёл запрашае нас да сведчання, што Езус – гэта не асоба з мінулага. Ён – Слова Божае, якое і сёння працягвае асвячаць шлях чалавека. Яго жэсты – сакрамэнты – гэта выраз пяшчоты, суцяшэння і любові Айца да кожнага чалавека. Няхай Дзева Марыя, “Прычына нашай радасці”, робіць нас больш радаснымі ў Пану, які прыходзіць, каб вызваліць нас ад нявольніцтва ўнутранага і знешняга”.
Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец заклікаў вернікаў да гарачай малітвы за яго.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|