Папа Францішак заклікаў перажыць надыходзячыя святы Божага Нараджэння «сапраўды па-хрысціянску, свабоднымі ад марнасцяў, у гатоўнасці прыняць Збаўцу». З такімі словамі Пантыфік звярнуўся да тысяч пілігрымаў і жыхароў Вечнага горада, сабраных на нядзельную малітву «Анёл Панскі» 21 снежня.
«Сёння, у чацвёртую і апошнюю нядзелю Адвэнту, літургія жадае падрыхтаваць нас да Божага Нараджэння, амаль ад парога запрашаючы паразважаць над апавяданнем пра абвяшчэнне Анёла Марыі, — сказаў Папа. — Арханёл Габрыэль — што азначае «Сіла Божая» — адкрыў Панне волю Бога аб тым, што Яна павінна стаць Маці Яго першароднага Сына: “Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага” (Лк 1, 31-32). Засяродзім позірк на гэтай простай дзяўчынцы з Назарэта, у момант, калі яна стала адкрытай на боскае пасланне праз сваё “так”; пахілімся над двума важнымі аспектамі Яе паводзін, якія для нас з’яўляюцца прыкладам у падрыхтоўцы да Божага Нараджэння.
Перш за ўсё над Яе верай, Яе пазіцыяй веры, якая заключалася ў слуханні Божага слова дзеля таго, каб аддацца яму з поўнай адкрытасцю розума і сэрца. Адказваючы Анёлу, Марыя сказала: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (38). У сваім “вось я”, поўным веры, Марыя не ведала, якімі шляхамі павінна будзе вандраваць, якія пакуты павінна будзе перанесці, з якімі рызыкамі сустрэцца. Але Яна была свядомай таго, што гэта Пан кліча Яе давяраць Яму цалкам і аддацца Яго любові.
Іншы аспект — гэта здольнасць Маці Хрыста распазнаваць час Божы. Марыя — гэта тая, якая зрабіла магчымым уцелаўленне Сына Божага, “аб’яўленне таямніцы, якую замоўчвалі вякамі” (Рым 16, 25). Яна зрабіла магчымым уцелаўленне Слова менавіта дзякуючы свайму пакорнаму і адважнаму “так”. Марыя вучыць нас прымаць той спрыяльны момант, калі Езус праходзіць у нашым жыцці і просіць аб хуткім і шчырым адказе. Езус праходзіць. Сапраўды, таямніца нараджэння Езуса ў Бэтлееме, якая гістарычна адбылася больш за дзве тысячы гадоў таму, спаўняецца, як духоўная падзея, у літургічным “сёння”. Слова, якое пасялілася ў дзявочым улонні Марыі, падчас цэлебрацыі Божага Нараджэння зноў стукаецца ў сэрца кожнага хрысціяніна: праходзіць і стукаецца. Кожны з нас пакліканы адказаць, як Марыя, “так” асабістым і шчырым, становячыся цалкам даступным Богу і Яго міласэрнасці, Яго любові.
Колькі разоў Езус праходзіць у нашым жыцці і колькі разоў пасылае анёла, колькі разоў мы гэтага не ўсведамляем, таму што часта бываем ахоплены, пагружаны ў нашы думкі, справы ці, як, напрыклад, у гэтыя дні, у нашы прыгатаванні да Божага Нараджэння, і так не разумеем, што Ён праходзіць і стукае ў дзверы нашага сэрца, просячы прыняць Яго, просячы сказаць “так”, як Марыя. Адзін святы казаў: “Я баюся, што Пан пройдзе”. Ведаеце, чаму? Таму што баяўся не распазнаць Яго і дазволіць яму прайсці міма. Калі мы чуем у нашым сэрцы: “Хацеў бы стаць лепшым... Каюся з таго, што ўчыніў”. Гэта менавіта Пан стукае. Ён дазваляе адчуць гэта: жаданне стаць лепшым, жаданне быць побач з іншымі, з Богам. Калі адчуваеш гэта — спыніся. Гэта Пан тут! Ідзі памаліся, магчыма, прыступі да споведзі, каб крыху ачысціцца: гэта будзе добра. Але добра памятай: калі адчуваеш жаданне стаць лепшым, гэта Пан стукае: не дазволь Яму прайсці міма.
У таямніцы Божага Нараджэння побач з Марыяй ёсць маўклівая прысутнасць святога Юзафа, як гэта прадстаўляецца ў любых святочных яслях — нават у гэтых, якія можаце сузіраць на плошчы св. Пятра. Прыклад Марыі і Юзафа з’яўляецца для ўсіх нас заклікам да прыняцця, з поўнай душэўнай адкрытасцю, Езуса, які з любові стаў нашым братам. Ён прыходзіць, каб несці свету дар спакою: “А на зямлі спакой людзям добрай волі” (Лк 2, 14), як абвяшчалі хоры анёлаў пастухам. Каштоўны дар Божага Нараджэння — гэта спакой, а Хрыстус — гэта наш сапраўдны спакой. Хрыстус стукае ў нашы сэрцы, каб падарыць спакой, душэўны спакой. Адкрыем дзверы Хрысту! Даверымся заступніцтву нашай Маці і святога Юзафа, каб перажыць Божае Нараджэнне сапраўды па-хрысціянску, свабоднымі ад марнасцяў, у гатоўнасці прыняць Збаўцу, “Бога з намі”».
Пасля марыйнай малітвы Папа Францішак прывітаў шматлікія групы пілігрымаў, прысутныя на ватыканскай плошчы, і пажадаў усім добрай нядзелі, а таксама Божага Нараджэння, поўнага надзеі, радасці і братэрства.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|