Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Ад кожнага хрысціяніна патрабуецца пры любых абставінах быць паслядоўным у веры»
Слова Папы
26.12.2014 17:07

26 снежня ў разважаннях перад малітвай “Анёл Панскi” Папа Францішак нагадаў вернікам пра неабходнасць быць паслядоўнымі ў веры, якую яны вызнаюць. Нагадваючы пра першамучаніка Стэфана, Пантыфік заўважыў, што яго прыклад заахвочвае жыць як хрысціяне, а не толькі дэклараваць сваё хрысціянства, а жыць па-язычніцку.

“Сёння літургія нагадвае нам пра сведчанне св. Стэфана. Абраны Апосталамі – разам з шасцю іншымі – на дыяканства міласэрнасці, гэта значыць на служэнне бедным, сіротам, удовам, у ерузалемскай супольнасці, ён стаў першым мучанікам Касцёла, - сказаў Папа. - Сваім пакутніцтвам Стэфан ушаноўвае прышэсце ў свет Валадара валадароў, сведчыць аб Ім і прапануе Яму ў дар сваё ўласнае жыццё, так, як ён гэта рабіў на службе тым, хто ў нястачы. Такім чынам, ён паказвае нам, як поўнасцю спасцігнуць таямніцу Божага Нараджэння.

У гэтае свята Евангелле перадае нам частку прамовы Езуса да апосталаў у той момант, калі Ён даручае ім іх місію. Ён кажа між іншым: “І ўсе будуць ненавідзець вас за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены” (Мц 10, 22). Гэтыя словы Пана не парушаюць святкавання Божага Нараджэння, але здымаюць з яго тую фальшывую салодкую покрыўку, якая яму не належыць. Яны прымушаюць нас зразумець, што ў выпрабаваннях, прынятых дзеля веры, любоў перамагае насілле, жыццё перамагае смерць. Евангелле паказвае нам шлях да таго, каб сапраўды прыняць Езуса ў наша існаванне, каб працягнуць радасць Святой Ночы – шлях сведчання пра Езуса ў пакоры і маўклівым служэнні, без страху ісці супраць плыні, без страху расплаты. І калі не ўсе пакліканы праліць уласную кроў, як святы Стэфан, ад кожнага хрысціяніна патрабуецца пры любых абставінах быць паслядоўным у веры, якую ён вызнае. Менавіта хрысціянская паслядоўнасць – тая ласка, аб якой мы павінны прасіць у Пана. Быць паслядоўнымі, жыць як хрысціяне, а не казаць “я – хрысціянін”, а жыць як язычнік. Паслядоўнасць – тая ласка, аб якой мы павінны прасіць сёння.

Жыць у адпаведнасці з Евангеллем – патрабавальны, але прыгожы, вельмі прыгожы шлях, і той, хто ідзе па ім з верай і мужнасцю, атрымоўвае дар, які Пан абяцаў усім людзям добрай волі. Як спявалі анёлы ў дзень Божага Нараджэння: “Спакой! Спакой!” Гэты спакой, падараваны Богам, у стане супакоіць свядомасць тых, хто, праз выпрабаванні жыцця, навучыўся прымаць Слова Божае і абавязуецца жыць у адпаведнасці з ім да канца (гл. Мц 10, 22).

Сёння, браты і сёстры, мы молімся асабліва за тых, хто пакутуе ад дыскрымінацыі, пераследу, нясе смерць за тое, што сведчыць пра Хрыста. Я хацеў бы сказаць кожнаму з іх: калі вы несяце гэты крыж з любоўю, вы спасціглі таямніцу Божага Нараджэння, вы – у сэрцы Хрыста і Касцёла.

Давайце памолімся таксама аб тым, каб ахвяра сучасных мучанікаў – а іх шмат, вельмі шмат! – узмацніла ва ўсіх кутках свету абавязацельства прызнаць і гарантаваць свабоду веравызнання, якая з’яўляецца неад’емным правам кожнага чалавека.

Дарагія браты і сёстры, жадаю вам спакойных святаў Божага Нараджэння. Хай святы Стэфан, дыякан і першы мучанік, падтрымае нас на нашым штодзённым шляху, які мы спадзяемся завяршыць, у рэшце рэшт, у святочным сходзе святых у раі”.

Пасля малітвы “Анёл Панскi” Пантыфік звярнуўся да вернікаў са словамі ўдзячнасці за шматлікія віншаванні, якія атрымаў у гэтыя тыдні з Рыма, Італіі і ўсіх куткоў свету.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.